Хто гаспадар вежы?

Якую ваду мы п’ём? Ці прыгодная яна для спажывання? Калі ў Сянно сітуацыя больш-менш зразумелая, бо з нядаўняга часу тут працуе станцыя абезжалезвання, то да якасці вады ў іншых населенных пунктах раёна ёсць шмат пытанняў.

  Каб вырашыць іх — патрэбны немалыя срод­­кі,  якіх,  зразумела, няма. Але часам якасць вады становіцца  горшай не ад недахопаў фінансаў, а  з-за  чалавечай абыякавасці.

 Большасць артэзіянскіх свідравін знаходзіцца ў сельскай мясцовасці і належыць сельгаспрадпрыемст­вам, але вада ідзе і на патрэбы вяскоўцаў. Так, 193 свідравіны з 281 утрымліваюцца на балансе сельгасарганізацый. А гэта значыць, што адказнасць за іх стан, абслугоўванне кладзецца на плечы кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Толькі працаваць у гэтым кірунку амаль ніхто не хоча. І нават неаднаразовыя прадпісан­ні сен­ненскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сітуацыю не мяняюць.

 Згодна з артыкулам 10.2 КаАП, судом Сенненскага раёна да адміністрацыйнай ад­казнас­ці ў выглядзе штрафу прыцягваліся:  КУСГП «Полымя», імя Данукалава, імя Гараўца, ААТ «Ульянавічы»,  «Белая Ліпа»,  «Сінягорскае», «Какоўчына»,  «Пур­плева», якія не мелі дазволу (па стане на 01.05.2011г.) на спецводакарыстанне і работу ў гэтым напрамку не праводзілі.

 Згодна з  палажэннямі СанПіНа Рэспублікі Беларусь, зоны санітарнай аховы крыніц водазабеспячэння  павінны быць абгароджаны ў радыусе 30 метраў, павільёны зачынены на замок, каб ніводзін чалавек без дазволу не мог тра­піць ва ўнутранае памяшканне. А што ў нас?

 Часцей за ўсё, пады­с­ці да помпы могуць усе жадаючыя. Дзверы памяшкання адчынены. Няма ніякай агароджы. А часам адкрытыя і люкі,  у якія можа трапіць не толькі жывёла, але і чалавек.

  Зараз жа пагаворым пра факты, якія сталі вядомымі, калі карэспандэнт газеты разам з прадстаўніком раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выехаў у рэйд.

 Ля ферм у вёсках  Серкуці (ААТ «Пурплева») і Някрашава (ААТ «Какоўчына») водазаборы не абгароджаны. У дахах павільёнаў — дзіркі. 

 У водазаборы, што знаходзіцца ў населеным пункце Пількавічы, дах адрамантавалі. Праўда, абнесці плотам тэрыторыю забыліся. Хочацца спа­дзя­вацца, што недапрацоўка будзе выпраўлена. 

 Выклікае трывогу водазабор ля фермы ў вёсцы Алексінічы. Тут адсутнічае агароджа, няма дзвярэй, а павільён амаль што патанае ў гноі (на здымку).

 Зразумела, помпа падае ваду з глыбіні зямных нетраў, але ўсё тое, што знаходзіцца на паверхні, таксама трапляе ў ваду.

 Дастаткова паглядзець, у якім стане знахо­дзяц­ца воданапорныя вежы, і ўсе пытанні знікаюць самі па сабе. Не даглядаем вежы, тым самым з кожным годам пагоршваем якасць вады.

 Другое пытанне — тэхніка бяспекі. Дзякуй Богу, пакуль ніхто не ўваліўся ў люкі, якіх побач з вежамі дастаткова! У Літусаве, водазабор абгароджаны, знаходзіцца ў даволі добрым стане, але люк адчынены.  

 Ёсць і яшчэ пытанне: чаму адны сельгаспрадпрыемствы даглядаюць водазаборы, а іншым да гэтага і справы няма? Добрым прыкладам з’яўляецца вежа ў вёсцы Забор’е (ПП «Дружбінец»), дзе ўсе санітарныя нормы вытрыманы. 

 Кацярына КАРПОВІЧ.