“Мажулеўскія сустрэчы”. Адна з сенненскіх вёсачак сабрала землякоў з абшараў былога СССР .

Бацькоўская хата. Родная вёска. Чым далей чалавек ад месца свайго нараджэння, тым часцей ён успамінае яго, наведваецца ў родныя мясціны, дзе нарадзіўся, дзе прайшло басаногае дзяцінства.

Апошнія з мажулеўцаў

 У нашай вёсцы Мажулева Нямойтаўскага сельсавета калісьці налічвалася 25 двароў, у іх жыло не менш за 90 чалавек. У кожнай хаце было трое-чацвёра дзяцей.

 Прайшлі гады, дзеці выраслі, і, як птушаняты разлятаюцца з роднага гнязда, так  і яны раз’ехаліся па былым СССР. А што было рабіць, калі вёску прызналі неперспектыўнай, любое будаўніцтва (вытворчае, жыллёвае) спынілі. Сёння ў Мажулеве жыве толькі адна сям’я: Антон Фёдаравіч і Ніна Фёдараўна Шыбекі. Ім ужо за 80. Тым не менш, яны апрацоўваюць невялікі ўчастак зямлі, трымаюць парася, курэй. Магчыма, кінулі б займацца гаспадаркай, калі б не дапамога дзяцей. Ала і Наталля жывуць у Сянно, да бацькоў прыязджаюць пастаянна, Іван — мінчанін, таму наведваецца зрэдку.

 Антон Фёдаравіч 40 гадоў адпрацаваў у калгасе імя Леніна трактарыстам. На час жніва садзіўся за штурвал камбайна. Ніна Фёдараўна была паляводам. Яе рукі зведалі шмат працы: бралі лён, сушылі і складвалі сена, капалі бульбу. Разам з бацькамі выходзілі ў поле ўсе вясковыя дзеці. Змалку яны прывыкалі да працы, раслі з высокай адказнасцю да справы.

Ёсць ідэя

 Дагледжаны дамок Шыбекаў на ўездзе ў Мажулева як бы гаворыць — вёска яшчэ жывая. Далей, праўда, праз асфальт, некалі пакладзены па вясковай вуліцы, прабіваецца трава, на месцы большасці сядзіб — здзічэлыя сады. Вёска крыху ажывае летам. Як дачы выкарыстоўваюць бацькоўскія сядзібы Зоя Візнер, Зіна Бабянок, Люда Цялаш — жыхаркі Оршы.

 Там жа жыве і Ніна Візнер. Аднойчы мне давялося сустрэцца з ёй у Оршы. Доўга ўспаміналі мінулае, землякоў. У рэшце рэшт вырашылі арганізаваць сустрэчу  мажулеўцаў. Вызначылі для гэтага месца — родная вёска, час  — Тройца. Справа ў тым, што былыя мажулеўцы нават на могілкі продкаў наведваюцца ў розны час: нехта на Вялікдзень, нехта — на Радаўніцу. Па гэтай прычыне сустрэцца ўдаецца рэдка каму.

 Пачаліся пошукі землякоў. У выніку на сустрэчу ў родную вёску прыехалі 24 чалавекі. Пасталеўшыя, пастарэўшыя — мы абдымаліся, цалаваліся, плакалі. Калі першае эмацыянальнае напружанне прайшло, накіраваліся на вясковыя могілкі. Пастаялі ля магіл сваіх родных, прыбралі іх. А калі вярнуліся ў вёску, накрылі ў двары Зоі Візнер вялікі агульны стол. У застоллі доўга вялі душэўныя размовы, смяяліся і плакалі, спявалі і танцавалі. А найбольш было ўспамінаў пра былое, расказаў пра цяперашняе жыццё.

 Па ўсім свеце

 Галіна Вярбіцкая паехала ў Маскву ў 15 гадоў. З аднагодкамі не бачылася 40 гадоў. Яе сяброўкам Зінаідзе Пінчук і Галіне Гардзецкай таксама было пра што пагаварыць. А таму іх сустрэча працягвалася ў Оршы. Мажулеўская масквічка была ў захапленні ад Беларусі, ад чысціні і прыгажосці нашай прыроды, нашых гарадоў. Нездарма ў яе з’явілася думка пераехаць з Масквы ў Оршу, як гэта зрабіла сястра, якая доўгі час жыла ў сібірскім Урэнгоі. Іх бацькоўскай хаты ўжо няма. Засталіся толькі памяць пра яе ды камень на месцы пабудовы. Хіба ад такога не заплачаш? Сёстры ўдзячныя землякам, якія даглядаюць магілу маці ў іх адсутнасць, Зоі Візнер — у яе знаходзяць прытулак, калі прыязджаюць.

 Галіна Гардзецкая з сястрой Ірай прыязджалі ў Мажулева да дзядулі. У вёсцы прайшлі іх дзяцінства, юнацтва. Удзельнікі сустрэчы памятаюць вясёлую, гарэзлівую Галю і спакойную, разважлівую Іру. Дзяўчаты-прыгажуні не ведалі, як «адбіцца» ад мясцовых кавалераў. Даўно пайшлі з жыцця іх бацькі, дзядуля. На месцы яго сядзібы — здзічэлы сад. А сёстры жывуць у Віцебску.

 Нялёгкі лёс выпаў на долю Ніны Візнер. Яе маці адна выхоўвала траіх дзяцей. Таму ім давялося спазнаць сялянскую працу з касой, сякерай, плугам. Ніна рана стала працаваць нянькай у чужых людзей. Атрыманыя салодкія ласункі заўжды везла малодшым сёстрам. Ёй усё жыццё давялося некага даглядаць: многа гадоў паралізаванага мужа, потым — старэнькую маці, якая перанесла інсульт, зараз — сястру. Тым не менш, у свае 68 гадоў яна поўная жыццёвай энер­гіі і аптымізму. А якія Ніна гатуе піражкі з розным начыннем — любому кулінару фору дасць! Яе здольнасці добра ведаюць многія жыхары Оршы, іх ацанілі і землякі, якія сабраліся ў Мажулеве. І гэта не адзінае захапленне Ніны. Яна сочыць за лёсамі землякоў. Менавіта Ніна адшукала ў Віцебскім раёне сваю аднагодку Тамару Красноўскую, якая назаўсёды пакінула вёску пасля заканчэння медвучылішча 50 гадоў таму. З якім захапленнем мы, падлеткі, глядзелі тады на яе: разумная, прыгожая, сукенка ў гарошынку…

 Пасля заканчэння Пурплеўскай васьмігодкі падалася за ведамі ў сярэднюю школу Абольцаў Ніна Пінчук. Жыла ў адзінокіх састарэлых, даглядала іх. Калі атрымала спецыяльнасць эканаміста,  працавала ў Оршы на фабрыцы «Світанак» да выхаду на пенсію.

 З Новалукомля на сустрэчу землякоў прыехаў Васіль Цялаш, з Барысава — яго сястра Рая. Яны таксама выраслі без бацькі.

 Адгукнулася на наша запрашэнне сустрэцца Марыя Візнер. У апошнія гады яна рэдка прыязджае на радзіму — не дазваляе стан здароўя. Па гэтай жа прычыне ўсё радзей наведваецца ў вёску Сямён Бабянок. Браты Мірановічы, жыхары Санкт-Пецярбурга, бываюць у Мажулеве толькі на Вялікдзень.

 Мы, малодшае пакаленне мажулеўцаў, некалі ў выхадныя дні з асаблівым нецярпеннем чакалі цягнік, каб сустрэць з поезда сваіх старэйшых аднавяскоўцаў, якія жылі ў гарадах. Яны таксама помнілі пра нас, везлі дзецям свежы батон, цукеркі, смак якіх помніцца да гэтай пары.

 Яшчэ не так даўно ў нашых вёсках жылі носьбіты трох-пяці прозвішчаў. Так было і ў Мажулеве. Працуючы ў аргаддзеле, а потым ва ўпраўленні па працы і занятасці Сенненскага райвыканкама, мне даводзілася мець справу не толькі з людзьмі, часта — з дакументамі. Па проз­вішчах я меркавала адкуль прыехаў чалавек. Зразумела, па гэтым жа прынцыпе пазнавала людзей, карані якіх паходзяць з Мажулева.

 Час сустрэчы падыходзіў да свайго завяршэння. Трэба было раз’язджацца, а размовы ўсё не заканчваліся. У рэшце рэшт мы дамовіліся зрабіць нашы сустрэчы рэгулярнымі — прыязджаць на Вялікдзень у родную вёску з нашымі дзецьмі і ўнукамі.

Галіна ШЫНКЕВІЧ (Пінчук),

жыхарка Сянно.

НА ЗДЫМКУ: мажулеўцы на роднай зямлі.