СВЯТА ДЗЯЦІНСТВА
У першы чэрвеньскі дзянёк на гарадскія вуліцы выйшлі дзесяткі маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Прыгожа апранутыя, з шыкоўнымі бантамі, з паветранымі шарыкамі ў руках, яны кіраваліся да фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Выхаванцы дзіцячыхсадкоў, навучэнцы малодшых класаў школ г.Сянно сталі ўдзельнікамі гарадскога свята, прымеркаванага да Дня абароны дзяцей.
Напачатку дзетак павіншавалі госці свята: намеснік старшыні райвыканкама Зоя Сцяпанаўна Фаміна, начальнікі аддзелаў адукацыі Людміла Пятроўна Аніськовіч і культуры Ларыса Яўгенаўна Новікава.
Разам з вядучымі і няўрымслівай дзяўчынкай Пэпі Доўгая Панчоха, дзеці адправіліся ў імправізаванае святочнае падарожжа. На станцыях “Песенная” і “Танцавальная” прысутных чакаў канцэрт. Удзел у ім прымалі, між іншым, самыя маленькія героі святочнага дзейства. Выхаванцы ўсіх трох гарадскіх дзіцячых садкоў выдатна спявалі, танцавалі і, нягледзячы на ўзрост, адчувалі сябе на сцэне быццам сапраўдныя артысты.
На станцыі “Спартыўная” гледачоў чакала казачная эстафета. Спаборніцтва разгарнулася паміж зборнымі камандамі абедзвюх гарадскіх школ. Конкурсы былі звязаны з вядомымі казкамі. Так, “Пузырь, Соломинка и Лапоть” можна было не толькі чытаць, але і гуляць у аднайменную гульню. Яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў хуткасці “палёту на дыване-самалёце” (катанне на самакаце) і “цягнулі рэпку” — перацягвалі канат. А Пятрушкі ў выкананні настаўнікаў пачатковых класаў СШ №2 падбадзёрвалі ігракоў і весялілі балельшчыкаў. Па выніках усіх этапаў паміж камандамі “Весёлые бурундуки” (СШ №1) і “Скороходы” (СШ №2) усталявалася нічыя. А гэта значыць, што перамагло сяброўства. Іншага выніку ніхто не чакаў. Бо гэта і ёсць дзяцінства.
А яшчэ гэта тата і мама, брацікі і сястрычкі, бабуля і дзядуля, любімы кот і сабака, вясёлыя гульні, дзіцячы садок і школа, канікулы і толькі светлыя мары. Менавіта такім паўстала дзяцінства ў творах юных мастакоў — выхаванцаў школьных мастацкіх студый і гурткоў Цэнтра пазашкольнай работы. Выстава іх работ стала ўпрыгажэннем святочнага мерапрыемства.
Толькі яркіх і чыстых фарбаў у жыцці пажадалі маленькія сенненцы ўсім дзецям свету. Разам з пасланнем ужо на вуліцы хлопчыкі і дзяўчынкі адпусцілі ў неба шмат паветраных шароў.
Вольга Бандарэвіч.