Вочы ў вочы, твар у твар. Старшыня Сенненскага райвыканкама Віктар Цапота правёў шэраг сустрэч з насельніцтвам.

Так на днях кіраўнік раённай улады выслухаў праблемы багушэўцаў. А некалькі раней ён  сустракаўся  з работнікамі ААТ «Сенненскі райаграсервіс».

 На падобныя сустрэчы, як правіла, запрашаюцца работнікі райвыканкама, кіраўнікі асноўных службаў і арганізацый. Да багушэўцаў, скажам, прыехалі начальнік РУП ЖКГ Мікалай Жукоўскі, старшыня райспажыўтаварыства Ірына Баранава, галоўны ўрач ЦРБ Ігар Мізаўцоў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Мяцеліца. Удзел у сустрэчы прымаў Міхаіл Вілюга, старшыня райсавета.

 Перш чым выслухаць пытанні ад багушэўцаў і даць слова гасцям, перад жыхарамі пасёлка справаздачу трымала Любоў Трубека, старшыня выканкама пасялковага Савета дэпутатаў. Яна расказала, што зроблена ў Багушэўску за апошнія гады.

 — Успомніце, пяць гадоў таму ў пасёлку не ўсюды было вулічнае асвятленне, не збіраліся цвёрдыя бытавыя адходы, дрэвы пагражалі зваліцца на галаву чалавеку. Сёння вырашаны многія іншыя сацыяльна-важныя праблемы: працуе БТІ і натарыус, філіял ТЦСАН. Нашы вуліцы атрымалі новае асфальтавае пакрыццё, з’явіліся тратуары, тэлефонныя сеткі рэканструяваны з выкарыстаннем оптыка-валаконных матэрыялаў. Гэтыя работы ў Багушэўску сувязісты правялі раней, чым у Сянно. Усе жыхары пасёлка, якія пажадалі, маюць стацыянарную тэлефонную кропку, доступ да хуткаснага інтэрнэту. У 2010 годзе за кошт сродкаў аграгарадка быў праведзены рамонт аб’ектаў сацкультбыту, праведзена мадэрнізацыя электрасетак.

 Віктар Цапота ахарактарызаваў сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў раёне, перспектывы  яе развіцця.

 Асноўным лакаматывам эканомікі Сенненшчыны з’яўляецца сучасная сельскагаспадарчая вытворчасць. На палетках раёна працуе новая тэхніка, укараняюцца перадавыя тэхналогіі. А пакуль што раён у значнай ступені датуецца з абласнога бюджэту. А значыць, жыхарам трэба, наколькі магчыма, уласнымі сіламі вырашаць мясцовыя праблемы. Там, дзе патрэбна дапамога раённай, пасялковай улады, людзі яе атрымаюць. Кіраўнік раёна не хаваў, што ў насельніцтва, раённых улад шмат прэтэнзій да работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, райспажыўтаварыства.

 — Менавіта таму сёння ў адной зале з вамі Мікалай Жукоўскі і Ірына Баранава, — падкрэсліў ён.

 Мікалай Цуран на сваім падворку трымае 8 кароў. Усё малако і маладняк рэалізуе дзяржаўным прадпрыемствам.

 — Тэхнікі ў мяне няма. Таму, каб скасіць траву, прывезці сена, я звярнуўся да адміністрацыі КУСГП імя Гараўца. І што? Амаль не вырашальная праблема. Давялося ледзь не на калені станавіцца…

 Ад імя свайго суседа па вёсцы Яноўшчына Мікалай Леанідавіч агучыў яшчэ адну праблему вяскоўцаў — абмалот прысядзібных участкаў.

 — Хлеб не застанецца ў полі — гэта я вам абяцаю, — запэўніў старшыня райвыканкама. — А на будучае, трэба ўсе прысядзібныя ўчасткі, на якіх вырошчваюцца зерневыя, уключыць у агульны клін грамадскіх сельгасарганізацый.

 Што датычыцца  кіраўніцтва КУСГП імя Гараўца, то падобны падыход да вашай просьбы сведчыць, што  Аляксей Вікторчык, як мінімум, не разумее пазіцыі дзяржавы ў адносінах да развіцця сялянскіх падворкаў. І мы пра гэта яму скажам.

 Многія пытанні, што былі агучаны ў той дзень у актавай зале пасялковага Савета, датычыліся работы РУП ЖКГ. У прыватнасці, жыхары дома № 4 па вул. Леніна, дзе нядаўна заменены дах, аконныя рамы, праведзены іншыя рамонтныя работы, выказалі прэтэнзіі на іх якасць.

 У Багушэўску вядзецца будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады. Грошы на гэтыя мэты выдаткаваны Сусветным банкам развіцця. Калі работы завершацца, ці змогуць атрымліваць якасную пітную ваду ўсе жыхары пасёлка?  Гэтае пытанне цікавіла тую палову багушэўцаў, якія карыстаюцца вадой, што падаецца са свідравіны лясгаса. Як патлумачылі ім у час сустрэчы, пасля ўвядзення станцыі абезжалезвання ў эксплуатацыю і асваення большай паловы паступіўшых сродкаў, Сусветны банк рэканструкцыі пералічыць другі транш, што дазволіць злучыць водаправодную сетку Багушэўска ў адну сістэму.

 Напярэдадні ацяпляльнага сезону некалькі чалавек, што прыйшлі на сустрэчу са старшынёй райвыканкама Віктарам Цапотай, задалі пытанні, якія датычыліся забеспячэння насельніцтва палівам, у тым ліку дровамі.

— Без паліва ніхто не застанецца, — запэўніў старшыня РВК. — Што датычыцца якасці, пажаданняў тыпу —»хачу бярозавыя дровы, не хачу яловыя», то, выбачайце, на паліва ёсць стандарты. Калі  яны не выконваюцца, прэтэнзіі я гатоў прыняць. Гэта датычыцца і якасці торфабрыкета.

 Нехта выказаў нараканні на недахоп транспарту ў лясгасе, на працяглы тэрмін выканання заявак, на што Віктар Цапота заўважыў: «Мне здаецца, кіраўніцтва выканкама пасялковага Савета ў сілах дапамагчы вам у гэтай праблеме».

 Анастасія Радзевіч — уласніца прыватнага дома, які патрабуе рамонту. «У ім немагчыма жыць. Дапамажыце!» — прасіла пенсіянерка.

 Але як дапамагчы, калі перасяліцца ў дом для састарэлых жанчына не хоча,  сродкаў на рамонт хаты   не мае.

— Улада вам, Анастасія Мікалаеўна, можа дапамагчы лесам (за грошы, зразумела), выдаць прадугледжаную законам фінансавую дапамогу. Але вашы дзеці таксама маюць перад вамі абавязкі, — выказаўся Віктар Цапота і даручыў Любові Трубека больш уважліва ўнікнуць у праблему сталага чалавека і дапамагчы, наколькі магчыма.

 З праблем багушэўскай медыцыны сёння найбольш актуальнай з’яўляецца ўпарадкаванне рэжыму работы абласной туббальніцы. Хворыя ўстановы свабодна бываюць у магазінах, месцах масавага адпачынку, у той час, як большасць з іх маюць адкрытую форму хваробы. І гэта трывожыць багушэўцаў. Да таго ж, пацыенты бальніцы  ў грамалскіх месцах  іншы раз паводзяць сябе з выклікам.

 У сувязі з гэтым старшыня райвыканкама даў даручэнне кіраўніцтву РАУС, ЦРБ і выканкама пассавета ўдакладніць, якім павінен быць рэжым работы туббальніцы, каб пасля гэтага прыняць неабходыня меры для яго дакладнага выканання.

 Багушэўцы ў час сустрэчы з удзячнасцю гаварылі пра тыя станоўчыя змены, што адбыліся ў мясцовай паліклініцы і бальніцы. Дзякавалі за новае медыцынскае абсталяванне, купленае за бюджэтныя сродкі. Але выказалі і яшчэ адну просьбу — дапамагчы кіраўніцтву багушэўскай бальніцы вынесці кацельную з падвальнага памяшкання. Служба цепланагляду даўно патрабуе гэтага. Віктар Цапота не абяцаў вырашыць праблему ў адначассе.

— Але працаваць у гэтым напрамку кіраўніцтва ЦРБ будзе, выказаўся ён.

 Сустрэчы Віктара Цапоты з насельніцтвам раёна будуць працягвацца. Яны дазваляюць выяўляць існуючыя праблемы, а галоўнае, нацэльваюць мясцовыя ўлады, кіраўніцтва арганізацый, людзей на іх вырашэнне.

 Аляксандр ЛАЗЮК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *