23 жніўня органы дзяржаўнай статыстыкі Рэспублікі Беларусь адзначаюць сваё прафесійнае свята. Статыстыку вядуць жанчыны

 Напэўна, кожны з нас, калі чуе слова «статыстыка», адразу ўяўляе шмат лічбаў, шафаў з вялікай колькасцю папак са справаздачамі, пастаянныя падлікі. На самой справе, так яно і ёсць. Статыстыка займаецца зборам і аналізам масавых статыстычных дадзеных. У навуку тэрмін «статыстыка» ўвёў нямецкі вучоны Готфрыд Ахенваль у 1746 годзе. Але, статыстычны ўлік вёўся і намнога  раней: у Старажытным Кітаі праводзілі перапіс насельніцтва, падлічвалі маёмасць гараджан у Старажытным Рыме.

 Сёння статыстыка служыць асновай для прыняцця правільных палітычных рашэнняў, прадастаўляе адэкватную ацэнку ключавых эканамічных і сацыяльных паказчыкаў, якія ахопліваюць усе аспекты дзяржаўнага развіцця.

 Аддзел статыстыкі Сенненскага раёна — адно са звёнаў дзяржаўнай статыстыкі. «Менавіта тут збіраецца, апрацоўваецца і правяраецца статыстычная інфармацыя, якая паступае ад прадпрыемстваў, арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, фермераў,» — расказвае начальнік  аддзела Алена Скакун. — «Потым абагульненая інфармацыя перадаецца ў Галоўнае статыстычнае Упраўленне Віцебскай вобласці». Ужо 12 гадоў Алена Анатольеўна стаіць начале аддзела. Па адукацыі яна — інжынер-будаўнік. У свой час скончыла Беларускую  дзяржаўную палітыхнічную акадэмію. «У статыстыку прыйшла працаваць часова, — смяецца жанчына, — але так і засталася. Спачатку была эканамістам, потым — намеснікам начальніка. Я не шкадую, што жыццё распарадзі­лася менавіта такім чынам».

 Калектыў аддзела выключна жаночы. Усяго 5 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва кожны дзень выконваюць вялікую напружаную работу. «Нам нельга памыляцца, бо менавіта на падставе данных  статыстаў  фарміруецца ўяўленне аб справах у раёне, вобласці, рэспубліцы, апроч таго, прагназуецца бюджэт і г.д.» — расказвае Алена Анатольеўна.

 З упэўненасцю магу сцвярджаць, што тут працуюць прафесіяналы сваёй справы: уважлівыя, адказныя, камунікабельныя людзі. Больш за 30 гадоў складае працоўны стаж Надзеі Шылько, больш 20 — Ларысы Стуканавай. Добра ведаюць  сваю справу намеснік начальніка Святлана Сандрыгайла, галоўны эканаміст — Вольга Семянкова. Добразычлівыя жанчыны заўсёды гатовы дапамагчы тым, хто да іх звяртаецца. Не забываюць яны пра сваіх ветэранаў. З цеплынёй і словамі ўдзячнасці заўсёды адзываюцца пра іх. Шмат гадоў аддалі статыстыцы, а зараз знаходзя­цца на заслужаным адпачынку,  Вера Гарнак, Любоў Жагула, Валянціна Высоцкая, Ніна Арцёмава, Лідзія Цыплякова, Галіна Заржэцкая.

 У дзень прафесійнага свята хацелася б пажадаць жанчынам сямейнага дабрабыту, здароўя і толькі станоўчых лічбаў, як на працы, так і дома.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: калектыў аддзела статыстыкі Сенненскага раёна:(у цэнтры) А.Скакун, (злева направа) С.Сандрыгайла, Л.Стуканава, Н.Шылько, В.Семянкова.