Сенненцаў слухае «ДЗЯЖУРНЫ РЭПАРЦЁР»

Звярнуўся не туды

 Аляксей Жупікаў з вёскі Заветнае Багушэўскага сельсавета не можа купіць пячной цэглы ў гарадскім паселку.

 — Раней можна было звярнуцца ў магазін рай­спажыўтаварыства  —  і  будаўнічыя матэрыялы аператыўна дастаўлялі. А цяпер чамусьці  нават заяўку не прымаюць, — расказаў  ён тэлефануючы.

 У чым жа справа? Сітуацыю патлумачыла старшыня праўлення райспажыўтаварыства Ірына Баранава. Па яе словах, такія заяўкі арганізацыя прымае і сёння. Праблема ў тым, што Аляксей Яфімавіч звярнуўся з гэтай просьбай у багушэўскі ўнівермаг, а трэба было  у магазін гаспадарчых тавараў. Пытанне Жупікава вырашана.  Хутка  ён  зможа прыступіць  да  рамонту печкі.

 Разбурыўся мост

 Жыхары вуліцы Зарэчная прывыклі хадзіць дадому напрасткі: праз парк “Трох герояў” і  масток . Толькі цяпер гэты шлях стаў небяспечным, бо пліта, якая раней  злучала берагі, абвалілася.

 Аляксандр Зеляня, начальнік участка РУП ЖКГ па добра­ўпа­радкаванні, азеляненні і санітарнай ачыстцы  пра гэту праблему ведае. Але вырашыць яе пакуль што не мае магчымасці. Падняць пліту зможа толькі кран, якому неабходна праехаць праз стадыён, а тэхніка, маўляў, пашкодзіць футбольнае пакрыццё.

 Па словах начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Алясандра Гардзецкага дазволу праехаць праз стадыён у яго ніхто  не пытаў. І праблемы тут ён ніякай не бачыць. Тэхніцы  неабавязкова ехаць па футбольным полі, ёсць і іншыя варыянты, якія ён гатовы абмеркаваць. Так што, паважаныя супрацоўнікі РУП ЖКГ, справа застаецца за вамі.

Ні праехаць, ні прайсці

 Менавіта з такіх слоў пачала гаворку жанчына, якая тэлефанавала ад імя жыхароў вуліц Пушкіна, Святлічнага і 1, 2-й Першамайскай горада Сянно.

 Праезная частка  мясцовых вуліц знаходзіцца не ў самым лепшым стане, а за лета машыны, што ездзяць на цэнтральны пляж, разбіваюць іх яшчэ больш.

 —  Калі дарожнае пакрыццё адрамантуюць і зробяць тут вулічнае асвятленне? — цікавілася жанчына.

 Аляксандр Зеляня, начальнік участка РУП ЖКГ гэтаму пытанню здзівіўся, бо яшчэ ў пачатку мінулага тыдня дарога была адрамантавана. Так атрымалася, што жанчына патэлефанавала ў рэдакцыю на адзін дзень раней, чым пачаліся работы.       

 — У хуткім часе будзе адноўлена і вулічнае асвятленне. Ужо сёння тут праводзіцца рамонт электраліній, —  у гэтым рэдакцыю запэўніў Васіль Каваленка, начальнік службы энергетычнай гаспадаркі РУП ЖКГ.

Не працуе тэрмінал

  У магазіне, што знаходзіцца побач з будынкам УП «ПМК-64», ужо некалькі тыдняў не працуе тэрмінал. Разлічыцца за пакупку можна толькі наяўнымі грашыма. Такая сітуацыя сенненцаў не задавальняе.

 Па каментарый мы звярнуліся да галоўнага бухгалтара райспажыўтаварыства Юліі Кошалевай. Яна патлумачыла, што два тыдні таму тэрмінал у магазіне зламаўся і яго замянілі  на новы, але ён папрацаваў таксама нядоўга. Хутчэй за ўсё праблема ў сувязі. «Заяўку ў бюро рамонту тэлефоннай сеткі і камунікацый мы зрабілі. Праблема ў бліжэйшыя дні будзе вырашана», — запэўніла Юлія Уладзіміраўна.

Каму прыбіраць ля кантэйнера?

 Жыхароў вуліцы Лугавая, што ў Сянно, незадавальняе тое, як іх абслугоўвае РУП ЖКГ. 

 — Каля кантэйнера для смецця ніводнага разу не абкасілі бур’ян, не падмялі. За лета побач з ім сабралося шмат адходаў, якія ніхто не прыбірае, развяліся мухі. Чаму супрацоўнікі камунгаса не даглядаюць сваю маёмасць? Часам, мы, мясцовыя жыхары, самастойна наводзім парадак каля кантэйнера, — паведаміла жанчына.

  Начальнік участка РУП ЖКГ Аляксандр Зеляня патлумачыў, што ў іх на абслугоўванні вялікая колькасць кантэйнераў для збору смецця. Магчыма, штосьці і не паспелі своечасова зрабіць. Паабяцаў выправіць становішча.

Кацярына КАРПОВІЧ.

 Сёння  вас выслухае карэспандэнт Ала Мікалаеўна Якаўлева. Тэлефануйце: 4-88-54.