На фінішнай прамой. У гаспадарках Сенненшчыны ўбрана каля 90% ураджаю.

Хлебаробы агракамбіната «Сноў» Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ў ліку першых у краіне завяршылі жніво. Убіраць ім давялося звыш 2,5 тысячы гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых склала 71 цэнтнер з гектара. Некаторыя ўчасткі хлебнай нівы парадавалі ўраджайнасцю ў 93 цэнтнеры. Камбайнер Віктар  Карповіч намалаціў амаль дзве тысячы тон збожжа. Яго калегі Вячаслаў Шарап і Уладзімір Капытка адпаведна 1,7 і 1,5 тысячы тон. Сноўскі вадзіцель Вячаслаў Захараў стаў лепшым на Міншчыне па перавозцы новага ўраджаю. Ён запісаў на свой рахунак 2,5 тысячы тон збожжа. А першым у краіне 4-тысячны рубеж па намалоце збожжа пераадолеў экіпаж Уладзіміра Корсака і Рамана Багачова ЗАА «Агракамбінат «Зара» Магілёўскага раёна.

 На 17 жніўня на фінішняю прамую па ўборцы збожжа выйшлі Брэсцкая, Гродзенская, Магілёўская і Гомельская вобласці — колькасць  абмалочаных ніў тут пераваліла за 90 працэнтаў.  Апошняй у зводцы ішла Віцебская вобласць. У цэлым  па краіне было ўбрана 88,5 працэнта ад планавых плошчаў, намалочана 7 мільёнаў тон зерня пры ўраджайнасці 34,9 цэнтнера з гектара.

 У  канцы мінулага тыдня хлебаробы Віцебшчыны  таксама пераадолелі мільённы рубеж па намалоце зерня. Вызначыўся і абласны лідар уборачнай кампаніі: Чашніцкі раён, дзе было ўбрана 97 працэнтаў плошчаў.

 На сярэдзіну жніўня ў  Сенненскім раёне было дзесяць камбайнавых экіпажаў, якія намалацілі 400-500 тон збожжа, 500-600 — шэсць экіпажаў, 600-700 — восем, і толькі ў Андрэя Бяляева і яго памочніка Дзяніса Бяляева, камбайнавага экіпажа ДП «Саўгас імя Машэрава», намалот складаў звыш 720 тон. На  момант падрыхтоўкі інфармацыі ў гаспадарцы  стаяла 716 гектараў збажыны. Таму цепліцца надзея, што і ў нас з’явіцца тысячнік.

 На 17 жніўня 90-працэнтны рубеж па ўборцы каласавых пераўзышлі ААТ «Ульянавічы», «Белая Ліпа», «Какоўчына». Самыя нізкія тэмпы жніва,  па-ранейшаму,  застаюцца ва УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».

 Пры ўраджайнасці ў 24,2 цэнтнера з гектара ў раёне намалочана больш 52 тысяч тон збожжа.  Нават пры лепшым зыходзе ўборачных работ  вал збожжа на Сенненшчыне будзе дзесьці ў межах 63 тысяч  тон, а не 120 тысяч тон, як планавалася.