Эпіцэнтр прыйшоўся на Багушэўск

  Напярэдадні 16 жніўня метэаролагі даслалі органам ўлады, арганізацыям, якія забяспечваюць бесперабойную работу народнагапсдарчага комплексу  раёна, штармавое папярэджанне  месцамі на Віцебшчыне чакаюцца навальніцы, часам моцныя, град, шквалістае ўзмацненне ветру. На Сенненшчыне эпіцэнтр стыхіі  прыйшоўся на ўсходнюю частку раёна. Асабліва пацярпелі Багушэўск і бліжэйшыя населеныя пункты, дзе стыхія суправаджалася моцным дажджом, ветрам, парывы якога дасягалі 15-18 метраў у секунду.

  Дзяжурныя брыгады электраманцёраў працавалі там усю ноч. Займаліся выяўленнем пашкоджанняў на электралініях і іх  выпраўленнем. Ухіляць абрывы ліній у начны час забараняюць правілы бяспекі, бо электрычнасць нясе пагрозу нават спецыялістам. У экстрымальных умовах рызыка ўзрастае ўдвайне. Ухіленне абрываў пачалося раніцай. На багушэўскі ўчастак выехалі ўсе брыгады РЭСа. Агульная колькасць манцёраў складала больш за 50 чалавек.

 Як расказаў начальнік арганізацыі Анатоль Курановіч, які асабіста ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў стыхіі, ветрам паваліла шмат дрэваў, што і стала прычынай абрываў ліній электраперадач. У Цыпках адну з іх  «абрэзала»  шыферам, сарваным з бліжэйшага дома. З вытворчых аб’ектаў пазней іншых электрасілкаванне  атрымаў зернесушыльны комплекс ААТ «Бяленева» ў Забараўі — у 11 гадзін 17 жніўня. К вечару гэтага ж дня была адноўлена падача электраэнергіі ва ўсе населеныя пункты раёна. У Грузды, Калантаёва Багушэўскага сельсавета і Заазер’е Машканскага, адкуль  позна паступіў сігнал, лініі аднавілі 18 жніўня.

Аператыўна ўхіліць пашкоджанні на лініях электраперадач энергетыкам удалося  ў многім дзякуючы высокаму прафесіяналізму вопытных электраманцёраў. У прыватнасці, добра зарэкамендаваў сябе Аляксандр Нікіцін, які працуе на багушэўскім участку. Мясцовыя спецыялісты, дарэчы, уключаліся ва ўсе брыгады, што прыехалі на дапамогу, выступалі ў якасці своеасаблівых праваднікоў і экспертаў, падказвалі, дзе могуць быць абрывы.

Па словах Анатоля Курановіча, у час стыхіі найлепшым чынам зарэкамендавалі сябе кабельныя лініі, што пракладзе­ны пад зямлёй, і паветраныя — з ізаляваным провадам.