Віктар Паўлоўскі – чалавек асаблівага лёсу

Нядаўна жыхару вёскі Замошша Віктару Вікенцьевічу Паўлоўскаму споўнілася 85 гадоў. Партызан, салдат — ён у няпоўныя 19 гадоў стаў інвалідам. Доўга лячыўся ў шпіталі. Вярнуўся ў родную вёску. Працаваў спачатку кладаўшчыком, а потым да выхаду на пенсію брыгадзірам паляводчай брыгады калгаса. Мае ваенныя і працоўныя ўзнагароды.

Павіншаваць юбіляра сабраліся ўсе вяскоўцы.  А яшчэ ў Замошша завіталі Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Віктар Мурашкевіч, старшыня Багданаўскага сельвыканкама, Уладзімір Багданоўскі, дырэктар ААТ «Ульянавічы». Кветкі, падарункі шаноўнаму замашанцу падрыхтавалі не толькі яны. Работнікі мясцовых устаноў культуры, самадзейныя артысты далі для Віктара Вікенцьевіча невялікі канцэрт. Прагучалі, у тым ліку, песні ваеннай пары.

 Юбіляр быў не проста ўсхваляваны. Ён расчуліўся, дзякаваў за ўвагу да сябе і ўсіх ветэранаў з боку ўлады. І ўсё ж, галоўнай апорай Віктара Вікенцьевіча сёння з’яўляецца дачка. Зоя Віктараўна пераехала ў Замошша  з   Наваполацка, каб дагледаць маці, якая перанесла інсульт. А потым засталася ў вёсцы з бацькам, бо яму таксама патрэбна дапамога і падтрымка.

— Хто ж дагледзіць бацькоў лепш, чым дзеці? Так, дзяржава не кінула старых. Але гэта казённая дапамога,—  разважала яна за святочным сталом.

 Юны партызан, баец

 Першыя партызаны ў ваколіцах Замошша з’явіліся яшчэ летам 1941 года. Гэта былі байцы Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне. Працягваць барацьбу з ворагам яны маглі толькі пры дапамозе і падтрымцы мясцовага насельніцтва. Дапамагаў партызанам і Віктар Паўлоўскі. У 16-гадовым узросце сам стаў «лясным байцом» у складзе брыгады Лявонава. У 1944 годзе пасля злучэння з рэгулярнымі савецкімі войскамі Віктар Паўлоўскі, як і тысячы ўчарашніх беларускіх партызан, уліўся ў шэрагі байцоў Чырвонай Арміі. А неўзабаве апынуўся на фронце. Удзельнічаў у жорсткіх баях пад Кёнігсбергам, які і подступы да якога  немцы ператварылі ва ўмацаваную, глыбокаэшаланіраваную лінію абароны. 

 — Як мяне паранілі? — Віктар Вікенцьевіч на імгненне задумаўся.

 … Роце пяхоты ў той дзень была пастаўлена задача атакаваць і выбіць немцаў з акопаў. Пакінуць укрыццё, калі насустрач нясецца вогненны смерч, няпроста. Трэба спачатку перамагчы, перадолець сябе, свой страх. Найчасцей салдат у атаку ўзнімаюць камандзіры.  А што  ў гэты момант павінен рабіць  ардынарац камандзі­ра? Ён таксама ў атаку ідзе першым.

— Мы ўзнялі салдат, атака была выніковай, немцаў удалося выбіць з іх рубяжа. Бой заціх ужо, калі мяне знайшла куля — шальная, дурная, магчыма выпушчаная выпадкова ці наўзгад, — расказаў Віктар Вікенцьевіч. — У выні­ку я застаўся без нагі, затое ўзнагароду атрымаў — ордэн Баявога Чырвонага Сцяга.

 Калгасны брыгадзір

 Віктар Вікенцьевіч мае і працоўныя ўзнагароды. Самыя высокія з іх ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэн Знак Пашаны.

  — Пасля шпіталя я адразу прыехаў у Замошша. Жыў з маці, якая неяк сказала: «Сынок, сёння мне няма чым накарміць цябе»,— успаміны ветэрану даюцца цяжка.

 У той жа дзень Паўлоўскі быў у старшыні калгаса.

 — А ты маю пасаду займай,  — ці то жартам, ці то ўсур’ёз прапанаваў той.

  —Які з бязногага старшыня, — панура апусціў галаву юнак.

 У рэшце рэшт Віктар Паўлоўскі стаў кладаўшчыком. У калгасным свірне, праўда, амаль нічога не было. Затое заўжды прысутнічала спакуса, якой малады чалавек ніколі не паддаўся. З той пары ветэрану асабліва помняцца жанчыны, якія ў торбах насілі збожжа на чыгуначную станцыю «Бурбін», ці забіралі адтуль насенне, прывезенае з іншых рэгіёнаў краіны.

 Жыццё пакрысе наладжвалася. Адбыліся змены ў асабістым жыцці — Віктар ажаніўся, стаў працаваць брыгадзірам. Асаблівая ўвага тады надавалася льнаводству. Таму звеннявой льнаводаў ён прызначыў  жонку.

 — У перыяд уборкі мая Валянціна Браніславаўна была галоўнай асобай на льняных палетках. Расстаўляла людзей, кантралявала якасць, сама паспявала сваю норму выбраць, пасцяліць. Калі прыязджалі на  дапамогу студэнты, наша хата ператваралася ў інтэрнат, дзе  жыло па 10-12 будучых медыкаў, — з удзя­чнасцю ўспамінае ён жонку. Такая жончына адданасць справе дапамагала Віктару Вікенцьевічу займацца іншымі брыгадзірскімі клопатамі. Тады пераважная большасць работ у полі, на фермах выконвалася ўручную. Людзей у брыгадзе працавала шмат, кожнаму трэба было даць нарад, пракантраляваць яго выкананне. Галоўным сродкам перасоўвання для брыгадзіра быў веласіпед, пазней — асабісты «Запарожац». А колькі давялося інваліду перамераць зямлі «казой»?! У іх было шмат агульнага. А найбольш яднала любоў да працы. Нават узнагароды яны атрымлівалі  аднолькавы: спачатку Валянціна Браніславаўна, потым Віктар Вікенцьевіч.

  Без працы Паўлоўскі не мог уявіць свайго жыцця. Гэта быў рэфлекс, хоць і выпрацаваны, але настолькі моцны, што нават пасля выхаду на пенсію ён яшчэ пяць гадоў заставаўся брыгадзірам, потым збіраў малако з сялянскіх падворкаў, выкарыстоўваючы пры гэтым уласнага каня. Ды і зараз у сваім шаноўным узросце ён застаецца для замашанцаў бясспрэчным аўтарытэтам. Не забываюць яго родныя, знаёмыя, з якімі хоць раз звёў лёс. Такі ён асаблівы чалавек. Жыццё пражыў з пратэзам, на які ён не зважаў сам, а людзі, якія жылі побач, не заўважалі.

Аляксандр ЛАЗЮК.

 НА ЗДЫМКУ: Віктар Вікенцьевіч Паўлоўскі разам з гасцямі ў дзень 85-годдзя з дня нараджэ­ння.