Сквер, ты чый?
Мінулай восенню ў Сянно на вуліцы Карла Маркса (амаль што насупраць будынка раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі) на месцы пустэчы члены БРСМ разбілі невялікі сквер. Акцыя была прымеркавана да 90-годдзя ЛКСМБ. Пасадзіць дрэвы пасадзілі — і забыліся на іх.
Сёння сярод бур’яну цяжка заўважыць маладыя клёнікі і бярозкі, якія толькі пачалі набірацца сілы. За ўсё лета каля іх ніводнага разу не абкасілі дзікую расліннасць, якая амаль перарасла дрэўцы.
Узнікае пытанне, няўжо гэта акцыя была праведзена дзеля галачкі, і даглядаць сквер ніхто не збіраўся з самага пачатку? Факты гавораць самі за сябе.
Застаецца толькі марыць, што гэтая зарослая пустазеллем мясціна калі-небудзь стане месцам адпачынку для дарослых і дзяцей. Для гэтага дастаткова паставіць некалькі лавачак і альтанак ды час ад часу добраўпарадкоўваць тэрыторыю. Магчыма, калі з’явіцца месца, дзе можна правесці вольны час, падлеткі радзей будуць псаваць агароджы? Падобныя праблемы таксама у горадзе Поставы.
Адказ на гэтае пытанне хочацца пачуць ад арганізатараў акцыі: РК ГА «БРСМ» і аддзела па справах моладзі райвыканкама. Ды і работнікі РУП ЖКГ не збочваюць сюды, хаця рэгулярна абкошваюць мотакосамі вуліцы , у тым ліку і Карла Маркса. А гэта, між іншым, цэнтр горада.