Пры такіх затратах з даўгавой ямы ніколі не выбрацца

Мяркуючы па паўгадавых паказчыках, можна зрабіць вывад, што раёну ўдалося забяспечыць станоўчую дынаміку. Калі па колькасці выкананых паказчыкаў Сенненшчына за два месяцы бягучага года знаходзілася на 20-м месцы сярод 21 раёна вобласці, то па выніках паўгоддзя перамясцілася на сёмае.

 Тым не менш, з 19 кантралюемых прагнозных паказчыкаў выканана толькі 8.

 Аналіз кожнага параметра па асобку паказвае, што кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання не прынялі вычарпальных мер па іх выкананні. Нягледзячы на перавыкананне задання па вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах, маюць месца выпадкі, калі «правалы» здараюцца з-за безкантрольнасці. Напрыклад, багушэўскае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання «Прэстыж» па статыстычных даных не забяспечыла заданне па росце вытворчасці ў фактычных цэнах. Выкананне склала 125,2 працэнта пры заданні 127 працэнтаў. Прадпрыемствам недададзена ўсяго 18 мільёнаў рублёў (тры дні работы).

 За кошт цэнавага фактару ўсе прадпрыемствы выйшлі на прагнозны паказчык. Аднак, па індэксе фізічнага аб’ёму, заданне выканана толькі па аднаму паказчыку — кароткае льновалакно (факт 125,3 пры заданні 112 працэнтаў).

 Той самы «Прэстыж» не дадаў супраць леташняга  ўзроўню тысячу камплектаў пасцельнай бялізны, тысячу пар спецрукавіц і не пераўзышоў мінулагодні ўзровень па вытворчасці куртак, спецвопраткі, тэкстыльных галаўных убораў. Каб справіцца з гэтым паказчыкам, тэмп росту да канца года павінен быць на ўзроўні 200 працэнтаў.

 Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі арганізацыямі, асноўным відам эканамічнай дзейнасці якіх з’яўляецца вытворчасць прамысловай прадукцыі, у агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі раўнялася нулю. Прычына не выканання  параметра — адсутнасць у прадпрыемстваў грашовых сродкаў  на набыццё абсталявання для вытворчасці такой прадукцыі.  Варта «зялёнае святло» даць адкрыццю малых прадпрыемстваў.

 Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці па ацэнцы студзеня-чэрвеня — «мінус» 8 працэнтаў, пры заданні «плюс» 13 працэнтаў. Усе прамысловыя прадпрыемствы, а іх у раёне — адзінкі, не забяспечылі рэнтабельнасць продажаў. І толькі КУПБА  дало 0,7 працэнта.

 Чаго чакаць ад такіх нездавальняючых рэзультатаў? Зразумела, што вобласць  глядзіць на раён як на ўтрыманца, няздольнага «пракарміць» нават сябе. Таму ў адносінах да раёна і надалей магчыма будзе прадаўжацца палітыка далучэння, аб’яднання, словам, пазбаўлення ад нерэнтабельных суб’ектаў гаспадарання. Ужо сёння пакет дакументаў па рэарганізацыі Багушэўскага льнозавода знаходзіцца на ўзгадненні ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Добра, калі стане цэхам ААТ «Сенненскі льнозавод». А калі не? То яшчэ адно прадпрыемства, што падаткамі папаўняла мясцовую казну, кане ў Лету. Прычыны: невыкананне параметраў па зніжэнні затрат на вытворчасць прадукцыі. Хаця прысутнічаюць і аб’ектыўныя моманты — раслі цэны на паліўна-энергетычныя рэсурсы, сыравіну і матэрыялы.

 У кожнай арганізацыі раёна доля затрат на вытворчасць рэалізаванай прадукцыі складае ад 87 да 100 працэнтаў усяго аб’ёму рэалізацыі. У трох суб’ектаў гаспадарання затраты перавышаюць выручку: ААТ «Багушэўскі льнозавод» і ААТ «Сенненскі льнозавод» — у паўтара раза, ПП «Дружбінец» — на 4,7 працэнта.

 Меры па скарачэнні затрат  не даюць належнай аддачы. Дапускаецца рост матэрыяльных затрат і, як вынік, матэрыялаёмістасці прадукцыі. Я б сказаў, што тут атрымліваецца нейкае зачараванае кола. Няма новых укладаняў  і значных інвестыцый, а значыць няма якасных і колькасных змяненняў у вытворчасці прадукцыі. Працягнем гэты ланцуг: рост затрат пры недастатковых тэмпах росту аб’ёмаў вытворчасці, аказання паслуг цягнуць за сабой невыкананне паказчыка па эканоміі рэсурсаў, што ўстаноўлены распараджэннем Віцебскага аблвыканкама (УП «Сенненская ПМК-64», УП «Сяннобудмеліяводгас» і КУПБА «Прэстыж»).

 Па стане на 1 чэрвеня гэтага года крэдыторская запазычанасць склала 199 млрд, у тым ліку пратэрмінаваная — 14,6 млрд рублёў, або ўзрасла ў параўнанні з пачаткам года на 0,6 працэнта. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць перавысіла дэбіторскую ў 2,6 раза. Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць склала 5,7 млрд рублёў. І вырасла яна з-за таго, што сельгаспрадпрыемствы несвоечасова разлічваюцца з ААТ «Сенненскі райаграсервіс» за атрыманыя тавары і паслугі (2,4 млрд рублёў, РУП ЖКГ — 928 мільёнаў рублёў).

 Рэзка павялічылася пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць па ААТ «Сенненскі райаграсервіс» — у 5,2 раза (з 1,4 млрд  на пачатак года да 7,4 млрд за паўгода), Сенненскаму райспажыўтаварыству — у 3 разы (да 141 мільёна руб­лёў супраць 45 мільёнаў).

 Са стратамі працавалі абодва льнозаводы. Сярод прычын іх стратнай работы: апераджальны рост цэн на энерга- і цепланосьбіты, гаруча-змазачныя матэрыялы над тэмпамі росту адпускных цэн, стопрацэнтны знос тэхналагічнага абсталявання, рост затрат над даходамі ад рэалізацыі прадукцыі перавысіў 1,5 раза. Так, на сярэдзіну года цана рэалізацыі складала 5 мільёнаў 350 тысяч рублёў за тону льновалакна, а сабекошт выпрацаванага льновалакна адной тоны ўмоўным нумарам 10 дасягнуў 18 мільёнаў 408 тысяч рублёў. Не трэба быць  эканамістам, каб сказаць, што пры такіх затратах, з гэтай даўгавой ямы ніколі не выбрацца.

 Фактычная прадукцыйнасць працы аказалася нават некалькі вышэй (153,2%), чым заданне і перавысіла яго на 1,2 працэнта. Аднак, каб неяк паправіць становішча ў эканоміцы да канца года, прадукцыйнасць працы павінна складаць 200 працэнтаў, а рост аб’ёмаў вытворчасці — не менш 152 працэнтаў.

 Як адзначаў пры наведванні Аршанскага раёна Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў гэты рэгіён: «сёння наступае эра «дыктатуры» тэхналогій».  Без інвестыцый у мадэрнізацыю вытворчасці заўсёды будзем плесціся ў хвасце. Усім кіраўнікам прамысловых аб’ектаў трэба прызнаць, што ў гэтым напрамку значна не дапрацоўваем.

 З даведкай аб рабоце народнагаспадарчага комплексу раёна за студзень-чэрвень 2011 года працаваў Міхаіл БЯЛОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *