Поўная гатоўнасць!

Пакуль вучні дагульваюць апошнія дзянькі летніх вакацый, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі раёна, забыўшыся на адпачынак, актыўна рыхтуюць школьныя памяшканні да новага навучальнага года. Тым больш, што сёлета прыёмка школ праходзіла нашмат раней. Ужо ў канцы ліпеня прыёмная камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Зояй Фаміной правяла агляд усіх устаноў адукацыі. За тры дні спецыялісты раённага аддзела адукацыі, цэнтра гігіены і эпідэмі­ялогіі наведалі 21 школу, Цэнтр пазашкольнай дзейнасці і Дом творчасці для дзяцей і моладзі г.п.Багушэўск. Заглядвалі  ў класы,   падсобныя памяшканні… У адзін з дзён разам з камісіяй па школах праехалася і карэспандэнт «ГС».

  Наш маршрут ляжаў у  Нямойту, Какоўчына, Літусава, Янова, Каролі­на, Багушэўск. Школы сустракалі пахам свежай фарбы, разнастайнасцю кветнікаў і малых архітэктурных формаў.

 Касметычны рамонт —  афарбоўка, паклейка, пабелка класаў, калідораў, спортзалаў і актавых залаў — праведзены ва ўсіх установах адукацыі. Выкананы работы.

  Дырэктар Нямойтаўскай ДАСДС-Ш Мікалай Рабушка паказвае сваю гаспадарку. Школка невялічкая. І ўсё ж тут хочацца вучыцца: утульныя класы, добраўпарадкаваная прышкольная тэрыторыя з альтанкамі і лавачкамі пад шыкоўнымі яблыневымі дрэўцамі. На думку Зоі Фаміной, многім аргані­зацыям варта браць прыклад са школ.

 Какоўчынская сярэдняя школа-дзіцячы сад — тыповаяы забудова: двухпавярховая, з прасторнымі памяшканнямі. У 2009 годзе напаўразбураны гараж тут пераабсталявалі ў сучасную кацельню з энергаэфектыўнымі катламі па чэшскай тэхналогіі. Цяпер праблем з ацяпленнем тут не маюць.

 Для загадчыка гаспадаркі Яноўскай школы Ларысы Румо сёлетняя прыёмка —  баявое хрышчэнне. Былая таваразнаўца ў школе працуе крыху больш за месяц, але вынікамі яе дзейнасці дырэктар Валянціна Буракова задаволена: зарганізавала на дапамогу бацькоў, шэфаў з ААТ «Бяленева» і Багушэўскага спіртзавода.

 Сваім абноўленым унутраным выглядам парадавалі абедзве багушэўскія школы.

 Усяго на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі выкарыстана каля 280 млн рублёў. Большую частку складаюць бюджэтныя грошы — 170 млн. За іх кошт заменены аконныя блокі ў будынку дзіцячага садка Машканскай ДАСДС-Ш, праведзены рамонт цеплавога вузла ў дзіцячым садку №2 г.Сянно, рэканструкцыя галоўнага ўваходу Сенненскай ДАСШ №2 і многае іншае.

 Праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва ў рамках працоўнай занятасці навучэнцаў выдзелена 47 млн рублёў. З іх палова пайшла на заработную плату вучням. Яшчэ на 23,5 мільёна набыта 700 кг фарбы, а таксама 358 камплектаў сталоў і лавак. Дзякуючы гэтаму многія дзеці ў навучальным годзе сядуць за новыя парты.

 У складаны час актуальна і шэфская дапамога. Менавіта таму на прыёмку былі запрошаны ідэолагі з шэфскіх арганізацый. Тэма ўзаемасупрацоўнітва ўзнімалася ў кожнай школе. У цэлым у грашовым эквіваленце ўнёсак шэфаў склаў дзесьці каля 30 мільёнаў рублёў. У асноўным дапамагалі будаўнічымі матэрыяламі: фарба, цэмент, піламатэрыялы; сельскагаспадарчай прадукцыяй. Праўда, пакуль не ўсе знайшлі магчымасць аказаць дапамогу падшэфным школам.      

 Сёлета школам прыходзі­лася як ніколі разлічваць на сябе — гэта вынік склаўшыхся эканамічных умоў. Літаральна ўсюды рамонт быў зроблены за ўласныя сродкі, а гэта больш за 30 млн рублёў.

— Мы не можам разлічваць на такія сумы, што выдзяляліся на адукацыю да крызісу. Для прыкладу, гаспадарчая група раённага аддзела адукацыі, па маштабах сваёй дзейнасці, суадносілася з паўнацэннай будаўнічай арганізацыяй! Аднак, дзякуючы зробленаму за мінулыя гады, мы сёння нядрэнна выглядаем сярод іншых раёнаў вобласці. Завершана камп’ютарызацыя школ. Рэдка, якая з іх не абсталявана вадкакрышталёвымі маніторамі. Вялікая работа праведзена па пажаранебяспецы. Так, на 22-х аб’ектах  усталявана аўтаматычная пажарная сігналізацыя, 24 забяспечаны абаронай ад маланак, — Людміла Аніськовіч не хавае гонару за сваіх падначаленых. 

 Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, установы адукацыі зрабілі ўсё магчымае, каб прыстойна сустрэць сваіх вучняў 1 верасня. Немалыя ўласныя, фізічныя і матэрыяльныя, намаганні прыклалі настаўнікі і бацькі вучняў. У прыклад Людміла Пятроўна прыводзіць Канстантоўскую пачатковую школу-дзіцячы садок, дзе працуе ўсяго 4 выкладчыкі. Тым не менш у школе адрамантаваны спартыўная і актавая залы, сталовая, класы.

 Ёсць і набалелае. Насуперак абяцанням кіраўні­цтва прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама» школьнікам і выхаванцам дзіцячага садка з аграгарадка Літусава сёлета не наканавана пайсці ў новую школу. Здаць аб’ект павін­ны былі да 1 верасня 2011 года. Але пакуль даўгабуд (яго ўзвядзенне пачалося ў 2008 годзе) не дасягнуў і першага паверха. На пляцоўцы пануе цішыня ды пустазелле.

Тым часам у старой школе кіпіць праца. Школкі, падобныя Літусаўскай ДАБДС-Ш, сёння — рарытэт. Некалькі драўляных вясковых дамкоў, прыстасаваных пад класы, харчаблок, бібліятэку. Маленькія, цёмныя, з нізкімі столямі…  І разам з тым чыстыя, прыбраныя памяшканні і тэрыторыя. «Калі не завітаешь сюды, паўсюль чысціня і парадак!» — падсумоўвае мае ўражанні галоўны санітарны ўрач РЦГ Кацярына Дзьяковіч.

 На момант візіту прыёмнай камісіі на многіх аб’ектах яшчэ вяліся падрыхтоўчыя работы. Час яшчэ церпіць. У цэлым жа па выніках прыёмкі камісія прызнала падрыхтаванасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года стопрацэнтнай.

 

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках: дырэктар Какоўчынскай школы Галіна Сіўчык на фоне школьнага кветніка; Ларыса Румо дае справаздачу; новыя туалеты ў Багушэўскай СШ №1; інтэрактыўныя сродкі навучання; Літусаўская новая школа; выхаванцы дзіцячага садка ў Літусава; апошнія прыгатаванні. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *