Юныя сенненцы павінны быць максімальна занятыя

Лета працягваецца. Нягледзячы на прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне гібелі людзей, з’яўляюцца ўсё новыя ахвяры, у тым ліку сярод непаўналетніх. Толькі ў маі-чэрвені на Віцебшчыне ў выніку ўтаплення загінула пяць дзяцей. Трагедыі мелі месца ў Оршы, Пастаўскім і Браслаўскім раёнах.

 Праверкі, праведзеныя пракуратурай, сведчаць, што прычынамі няшчасных выпадкаў у пераважнай большасці былі безнагляднасць за дзецьмі, бацькоўская бесклапотнасць, адсутнасць сістэмнай работы суб’ектаў прафілактыкі па своечасовым  выяўленні і ўхіленні фактараў сямейнай неблаганадзейнасці, неналежнае суправаджэнне такіх сямей. У прыватнасці, дзеці, якія патанулі ў сажалцы на тэрыторыі касцёла п.Друя, жылі ў сям’і з яўнымі прыкметамі сацыяльнай неблаганадзейнасці. Без увагі застаўся факт пажару, які стаў вынікам свавольства кінутых без нагляду дзяцей, пропускі больш 50 працэнтаў заняткаў школьнікам-першакласнікам, не наведванне малодшымі дзецьмі дашкольнай установы.

 Каб падобнага не здарылася на Сенненшчыне, дзеці павінны быць максімальна занятымі (працай, арганізаваным адпачынкам). Месцы купання трэба абсталяваць у адпаведнасці з патрабаваннямі бяспекі. Там, дзе купацца забаронена, трэба ўсталяваць адпаведныя папераджальныя знакі. У дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі асаблівую ўвагу рэкамендуецца звярнуць на індывідуальную прафілактычную работу з падлеткамі, іх сем’ямі, на комплекснае ўзаемадзеянне інспекцыі, камісіі па справах непаўналетніх, устаноў адукацыі, аховы здароўя, грамадскіх фарміраванняў.

Уладзімір РУДЗЯНКОЎ,

пракурор Сенненскага раёна,  малодшы саветнік юстыцыі.