На Сенненшчыне абмалочана каля 60% ад агульнай нівы

    Да 23 жніўня  завяршыць жніво каласавых і збожжавых культур — такая задача пастаўлена Мінсельгасхарчам перад гаспадаркамі рэспублікі. І яна цалкам рэальная, бо краіна выканала абавязацельствы перад вяскоўцамі: паставіла абяцаную колькасць магутнай збожжаўборачнай тэхнікі. На палетках працуе і навінка ВА  «Гомсельмаш»—  камбайна  GS-16  «Палессе».  Прапускная здольнасць машыны на збожжавай масе складае 16 кілаграмаў у секунду, а яе галоўная асаблі­васць заключаецца ў вялікім памеры жняяркі, —  9 метраў. Нягледзячы на інфляцыйныя працэсы,  для сельгасвытворцаў  паліўныя матэрыялы не падаражалі. Вяскоўцы атрымлівалі і атрымліваюць іншыя льготы і сродкі з фонду матэрыяльнай падтрымкі сельгасвытворцаў.

  Адчуваючы клопат пра сябе, стараюцца і хлебаробы. Па стане на канец першай дэкады жніўня, акрамя Віцебскай, усе вобласці рэспублікі пераадолелі экватар жніва. Гэта значыць, што больш паловы хлебнай нівы краіны было ўбрана і  намалот  з яе складаў  звыш 5 мільёнаў тон збожжа. Па ўраджайнасці- зноў у лідэрах хлебаробы Гродзенскай вобласці, дзе кожны гектар дае   43 цэнтнеры зерня. Звыш 33 цэнтнераў збожжа з гектара намалочваюць у  Мінскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцях. Мала чым уступала ім і наша, самая паўночная ў краіне, Віцебская вобласць. І толькі гамяльчане бралі на круг менш 28 цэнтнераў.

  Па тэмпах уборкі сярэдне-рэспубліканскаму паказчыку не ўступаюць і сенненскія хлебаробы. Праўда, па ўраджай­насці не «дастаём» і гамяльчан. Толькі Віцебская доследная  мелірацыйная станцыя і адкрытае акцыянернае таварыства «Бяленева» намалочвалі адпаведна 41 і  32,7 цэнтнера  з гектара.

 Тым, што па стане на канец першай дэкады жніўня ў раёне­ абмалочана каля 60 працэнтаў ад агульнай нівы , заспакойвацца не варта. У планы нават самага руплівага чалавека свае карэктывы можа ўнесці надвор’е. Паводле доўгатэрміновых прагнозаў, у жніўні сярэднясутачная тэмпература будзе­ прыкладна на градус цяплей за норму. Аднак не трэба забываць, што гэта  ўжо апошні месяц лета. У другой палове жніўня сонечнае надвор’е ўсё больш будзе чаргавацца з халаднаватымі і дажджлівымі днямі. Прагназуецца, што на працягу 6-8 дзён у другой палове месяца будуць ісці кароткачасовыя дажджы. І гэта  лепшы расклад сіноптыкаў, але ж яны нярэдка памыляюцца і, як правіла, не на карысць земляроба.

  Таму з абмалотам хлябоў трэба паспяшаць. Акрамя таго, што ў пачатку тыдня перашкаджала дрэннае надвор’е, могуць дабавіцца і іншыя неспрыяльныя фактары. Ужо сёння па прычыне паломак  у кожнай гаспадарцы штодня прастойваюць па аднаму-два камбайны. Расцягванне тэрмінаў ўборкі вядзе і да павелічэння страт ураджаю. Падпіраюць і іншыя работы. Назіраецца даволі вялікі разрыў паміж абмалотам і ўпарадкаваннем саломы, а гэта, у сваю чаргу,  адмоўна паўплывае на тэмпы падрыхтоўкі глебы  пад сяўбу крыжакветных і азімых культур.

Не трэба забывацца і на тое, што летась да канца першай дэкады жніўня збожжавыя былі абмалочаны на 95 працэнтах плошчаў ад планавых. Сёлета хлебная ніва больш як на 4,5 тысяч гектараў шырэйшая, чым летась. Значна лепшая  за мінулагоднюю і ўраджайнасць. Вал збожжа  2010 года пераўзыйдзены, больш як на  тры тысячы тон. Але ж і ўбіраць яшчэ каля 10 тысяч гектараў. А для гэтага спатрэбіцца  не менш 10 дзён спрыяльнага надвор’я.

  Памятай пра гэта, хлебароб!  Лепш у пагодлівыя дзянькі з’ехаць з поля з расой, каб не касіць потым касой.