Вада – таксама тавар.

Вада — крыніца жыцця. Здароўе чалавека ў многім залежыць ад вады, якую ён спажывае.

 На балансе УП ЖКГ налічваецца 62 артсвідравіны, у тым ліку ў г.Сянно —7, Багушэўску — 4, у сельскай мясцовасці — 51. Працягласць водаправоднай сеткі ў райцэнтры складае 14,3 км, у Багушэўску — 8,9 км, у сельскіх населеных пунктах — 54,4 км. З году ў год колькасць крыніц водазабеспячэння, прынятых на баланс ЖКГ, павялічваецца. Гаспадарчыя суб’екты ў большасці выпадкаў не падтрымлівалі  свае аб’екты водазабеспячэння ў належным стане і на іх рамонт камунальнікам патрабуюцца немалыя сродкі.

 На прадпрыемстве распрацавана праграма вытворчага кантролю за якасцю пітной вады. Згодна з ёй робіцца адбор проб пітной вады па графіку: артсвідравіны —1 раз у квартал; водаправодная сетка  Сянно, Багушэўск, Цыпкі, Янова, Машканы, Багданава, Какоўчына, Ског, Канстантова, Нямойта, Обаль, Полымя, Сінягорскае, Заветнае — 2 разы ў месяц; астатнія населеныя пункты — 1 раз у квартал. Санітарна-гігіенічны стан цэнтралізаваных крыніц у асноўным — здавальняючы, аб чым гавораць даныя хімічнага і мікрабіялагічнага аналізу з боку санітарнай службы. За 6 месяцаў бягучага года спецыялістамі ДУ «Сенненскі РЦГЭ» даследавана проб з цэнтралізаваных крыніц водазабеспячэння: па хімічных паказчыках — 478, з іх не адпавядаюць нормам — 58; па мікрабіялагічных паказчыках — 303, не адпавядаюць — 14. Аб усіх  пробах вады, якія не адпавядаюць патрабаванням, інфармуюцца ўласнікі крыніц водазабеспячэння для прыняцця неадкладных мер па ўхіленню выяўленых неадпаведнасцяў. Пасля правядзення прафілактачных мерапрыемстваў  праводзіцца паўторны адбор проб вады для даследвання.

 У апошні час намецілася, хаця і нязначна, тэндэнцыя да паляпшэння ўтрымання аб’ектаў водазабеспячэння. Нягледзячы на шматлікія прарывы на водаправодах, рамонтная брыгада аператыўна выязджала і  ліквідоўвала няспраўнасці на працягу адной рабочай змены.

 Аднак вада, якая цячэ з кранаў  кватэр і  дамоў, нярэдка нагадвае «абляпіхавы кампот». Гэты факт выклікае ў насельніцтва абгрунтаваныя нараканні. Якасць вады ў трубах не палепшыцца сама сабой.  Усю сістэму трэба прамыць, прачысціць, замяніць «гнілыя трубы». Гэта працэс  дарагі, на які ў камунальнікаў грошай няма, дарэчы, як і на паляпшэнне іншых паслуг, што прадастаўляюцца насельніцтву. Між тым, вада сёння таксама тавар. І нятанны. За свае грошы спажывец павінен атрымліваць чыстую ваду, а не сумесь з пяском і ржаўчынай.

 Агульны сабекошт водазабеспячэння ў сельскай мясцовасці даволі высокі. Тлумачыцца гэта вялікай працягласцю  водаправодных сетак, што прыводзіць да значных транспартных выдаткаў пры іх абслугоўванні і рамонце. Напэўна таму, у сельскай мясцовасці ачыстка і прамыўка водаправодных сетак практычна не праводзіцца (па прынцыпу «пакуль гром не грымне…»), доступ да вежавага абсталявання свабодны (хто жадае, той і ўключае).

 Прыкладна 25% насельніцтва карыстаецца вадой дэцэнтралізаванага водазабеспячэння (калодзежы). Іх на балансе УП ЖКГ— 637. Часта яны паўразбураныя, часткай якіх  ніхто ніколі не карыстаўся. Праграма кантролю для крыніц  дэцэнтралізаванага водазабеспячэння не распрацавана. Іх лабараторны кантроль ажыццяўляецца шляхам маніторынгу ДУ «Сенненскі РЦГЭ». Раней самі жыхары сачылі за станам калодзежаў, потым гэтай работай займаліся сельскія выканаўчыя камітэты. Ва УП ЖКГ абучылі людзей, якія павінны абслугоўваць сістэмы дэцэнтралізаванага водазабеспячэння, аднак неабходны інвентар не закупілі. Што пад інвентаром маюць на ўвазе камунальнікі? Нам здаецца, што гэта вядро, вяроўка і лесвіца (драбіна). Менавіта гэтыя прыстасаванні выкарыстоўвалі нашы дзяды і прадзеды пры ачыстцы калодзежаў. А для пачатку іх трэба праінвентарызаваць і тыя, якімі не карыстаюцца людзі, мэтазгодна было б зняць з балансу.

 Аўтару гэтых радкоў здаецца, каб наладзіць любую справу, у першую чаргу трэба мець жаданне.

Ларыса Мукамолава.