Сенненскія бабулі за грамадска карысную працу

Здаецца, што рабіць у пенсійным узросце? Сядзі сабе на лавачцы і з выглядам вопытнага дылетанта абмяркоўвай падзеі ў свеце. Класіка жанру! Рашуча абвяргаюць яе ўдзельніцы міні-праекта Беларускага Чырвонага Крыжа «Крыніца». Гэтыя бабулі не словам, а справамі даказваюць, што ў любым узросце чалавек можа і павінен быць карысным грамадству.

 З самай раніцы ў парку імя 40-годдзя Перамогі, што у народзе клічуць Сінаямі, завіхаліся жанчыны ў чырвона-белых камізэльках. У іх руках былі ёмістасці з фарбай і пэндзалі. Праз колькі хвілін абшарпаныя лаўкі ператвараліся ў бліскучыя лавачкі зялёнага і блакітнага колераў.

 — Сінаі — гэта наша любімае месца адпачынку! — кажа кіраўнік міні-праекта Ніна Мяцеліца. — Безумоўна, мы не маглі прайсці міма такой занядбанасці!

 Такім чынам, на свет з’явілася ідэя абнавіць лавачкі. Фарбу выдала Сенненскае РУП ЖКГ. Ну, а праца засталася за бабулямі. Вынік — 24 пафарбаваныя лавачкі. Акрамя таго, удзельніцы міні-праекта добраўпарадкавалі квет­нікі на ўваходзе ў паркавую зону, якія  самі ж некалі пасадзілі. 

 Пажаданняў наконт добраўпарадкавання паркавай тэрыторыі ў жанчын яшчэ шмат. Хацелася, каб замест паламаных лавак і зараснікаў кустоўя тут з’явіліся ўтульныя месцы для адпачынку, дзіцячыя пляцоўкі, зручныя туалеты. Усё гэта можна ажыццявіць, былі б жаданне і людзі. Пакуль жа асаблівага імпэту з боку абслугоўваючых службаў і саміх адпачываючых бабулі не заўважаюць.

 — Падчас працы чалавек мо з 30 завіталі ў парк. Усе здзіўляліся нашай ініцыятыве, але ніводзін не падышоў, каб прапанаваць сваю дапамогу, — дзеліцца ўражаннямі Ніна Фёдараўна.

 Тым не менш удзельніцы міні-праекта спадзяюцца, што на іх заклік — зрабіць Сінаі візітнай карткай горада — сенненцы адгукнуцца, у тым ліку камунальнікі, грамадскія, моладзевыя арганізацыі, жыхары горада, якім не абыякавы лёс любімага парку.  Іх энергіі, актыўнасці і настойлівасці можна пазайздросціць. Аднак у першую чаргу з «Крыніцы» трэба браць прыклад.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: шчыруе «Крыніца».