У ААТ “Студзёнка” Сенненскага раёна тон задае моладзь
Іван Панамароў і Уладзімір Івашка занятыя на жніве ў ААТ «Студзёнка». На камбайне КЗС-1218 хлопцы ўжо намалацілі 289,7 тон зерня (даныя на 4 жніўня) — лепшы паказчык па гаспадарцы.
На жніве яны — не навічкі. Чатыры гады запар абмалочваюць збожжа з сенненскіх палеткаў. Праўда, у адной камандзе разам ніколі не былі. Іван Панамароў да сельскай гаспадаркі дачынення не мае. Ён працуе майстрам лесу ў Сенненскім лясніцтве. Толькі на час водпуску ўладкоўваецца памочнікам камбайнера, каб падзарабіць грошай і дапамагчы хлебаробам раёна ўбраць ураджай.
Жыццёвай энергіі хлопца можна пазайздросціць. Нягледзячы на свой малады ўзрост, ён паспеў скончыць тэхнікум, адслужыць у арміі. Цяпер завочна вучыцца ў Бранскай інжынерна-тэхнічнай акадэміі. У хуткім часе атрымае дыплом інжынера лясной гаспадаркі.
— Выходзіць, што вы ўжо 4 гады без адпачынку? — пытаюся ў Івана. На гэта ён толькі ўсміхаецца і шчыра кажа, што не стаміўся. Наадварот— з асалодай рупіцца. Пасіўны адпачынак не для яго.
Уладзімір Івашка адразу пасля школы пайшоў працаваць у сельскую гаспадарку. Зімой заняты на трактары, а калі прыходзіць час жніва — садзіцца за камбайн. Асабістае жыццё ўжо таксама наладзіў. Ёсць жонка, дачка, якія з нецярпеннем чакаюць, калі бацька вечарам прыйдзе з працы. У мінулым годзе маладая сям’я пераехала ў новы дом, які выдзеліла гаспадарка.
Раней юнакі не «хадзілі» у лідэрах жніва. Але атрымалася сёлета.
— Спрацаваліся, — усміхаюцца мае суразмоўцы.
Разумеюць хлопцы, што гэта толькі пачатак спаборніцтва. Аднак імкнуцца заставацца першымі. Не толькі таму, што цяпер гэта справа гонару, а і па зразумелым кожнаму жаданні больш зарабіць. Прынамсі, усё неабходнае для прадукцыйнай працы ёсць: выдатная тэхніка (у мінулым годзе далі новы камбайн), умовы (да прыкладу, гарачыя абеды прама ў полі), нядрэнная ўраджайнасць. Толькі б надвор’е не падвяло. А фізічнай працы, няхай ад цямна да цямна, яны не баяцца.
Кацярына КАРПОВІЧ.
На здымку: Уладзімір Івашка(злева) і Іван Панамароў.