Мужчыны, будзьце асцярожнымі! На Сенненшчыне з’явілася жанчына-кукушка. Яна «падкідвае» вам дзяцей, а сама сыходзіць да новага кавалера.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ужо двое прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва  пацярпелі ад яе… «Такіх гора-матуль у нашым раёне яшчэ не было, — гаворыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Рыбчанка. —  Нарадзіла дзіця — пакінула бацьку, нарадзіла другое —   «падкінула» сужыцелю і пайшла жыць да новага мужыка, — працягвае расказваць пра Анжэлу Мухіну (Усе імёны герояў зменены. — Аўт.) Наталля Віктараўна.

 Пра гэту жанчыну-кукушку «раёнка»  неяк пісала. Праўда, тады Анжэла была адной з удзельніц прытону, які ўтварыўся на вуліцы Чырвонага Кастрычніка ў райцэнтры. Сёння ж яна галоўная гераіня публікацыі.

 Дзяцінства Анжэлы прайшло ў адной з вёсак Машканскага сельсавета. Прыгожая, чарнявая, статная дзяўчына ніколі не заставалася без мужчынскай увагі. Калі адзін з кавалераў прапанаваў ёй руку і сэрца, яна пагадзілася выйсці за яго і пераехала разам з мужам у Оршу.  Тады ёй здавалася, што можна з лёгкасцю адмовіцца ад вольнага жыцця, сяброў  і стаць добрай жонкай. Ды дзе там…

 Хутка ў сям’і нарадзілася дзіця. Штодзённыя клопаты і турботы атручвалі жыццё маладой жанчыне. Яна сумавала без сябровак, з якімі прыемна было пагутарыць за бутэлечкай віна. Час ад часу да Анжэлы прыходзілі  госці, разам з імі з дому пачала сыходзіць і яна.

 Муж усімі сіламі  ўгаворваў не піць, вяртаў у сям’ю, калі тая некалькі дзён праводзіла невядома дзе. Але нервы здалі і ў яго. У 2005 годзе Анжэла атрымала статус разведзенай асобы. Пакінула на былога мужа 4-гадовага сына  і кінулася ў самыя цяжкія грахі.

 «Вось яна, свабода, — думалася жанчыне, — можна жыць так, як хочацца, і ні пра што не думаць». Але непрыемнасці толькі пачыналіся.

 Былы муж падаў паперы ў суд на ўтрыманне аліментаў,  і яе пачалі шукаць органы апекі і міліцыя. Прымушалі ўладкоўвацца на працу, сачылі, каб не было прагулаў, але жанчына на работу ха­дзіла не больш чым два-тры дні,  а потым кідалася на ўцёкі. Каб схавацца ад міліцыі  і нейкім чынам замесці сляды, яна едзе ў Сянно.

  І тут лёс зводзіць Анжэлу з Пятром. Той, напэўна, згубіў розум ад кахання. Карміў, паіў, хаваў гора-маці ад улады — рабіў усё, каб толькі тая заставалася з ім як мага больш. А калі яна зацяжарыла — быў на сёмым небе ад шчасця.

 Набраўшыся сіл пасля родаў, жанчына зноў пачала сыходзіць з дому, і ўсё часцей і часцей пакідала немаўля на бацьку, пакуль не пайшла назаўсёды. У Сянно яна знайшла яшчэ аднаго мужчыну, які гатовы быў дзеля яе на ўсё.

 Петр, на руках якога засталося дзіця, пачаў заглядваць у бутэльку. Даглядаў малое, але без гарэлкі ўжо не мог. Толькі выпітыя сто грамаў дапамагалі зняць душэўны боль.  Дайшло да таго, што сына забралі ў прытулак. І толькі тады мужчына апамятаўся…  Добраахвотна закадзіраваўся, уладкаваўся на працу ў адно з сельгаспрадпрыемстваў раёна, дзе яму выдзелілі жыллё.

— Хутчэй за ўсё, органы апекі дазволяць Пятру выхоўваць сына. І ў бліжэйшы час дзіця вернецца да бацькі.  А Анжэле прыйдзецца выплачваць аліменты ўжо на дваіх дзяцей, — працягвае аповед пра Мухіну Наталля Рыбчанка.

 Сёння Анжэлу шукае міліцыя. Яе новы кавалер нядаўна быў адпраўлены ў лячэбна-працоўны прафілакторый. З’ехала і яна. Магчыма, схавалася ў сяброў ці знайшла  новага мужчыну, які, як і папярэднія, будзе верыць ёй, утрымліваць і спадзявацца, што гэта сапраўднае каханне….

 Р.S. Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што Анжэлу знайшлі, прымусілі ўладкавацца на працу, але там яна з’явілася толькі двойчы і знікла зноў.

 Напэўна, жанчына-кукушка зноў выйшла на «паляванне». Будзьце асцярожнымі, мужчыны!

 Кацярына КАРПОВІЧ.