«Дзе я правёў лета?»— на гэтае пытанне 60 юных сенненцаў без разваг адкажуць: «У «Юніёры»!».

Аднайменны летнік арганізаваны раённым камітэтам ГА «БРСМ» сумесна з інспекцыяй па справах непаўналетніх Сенненскага РАУС. Сярод адпачываючых нямала дзетак з неблаганадзейных сем’яў, выхаванцаў сацыяльнага прытулка, «цяжкіх»  падлеткаў, для якіх лагер стаў добрай альтэрнатывай вуліцы і сямейным праблемам.

 Тут няма шматпавярховых карпусоў, сучасных спартыўных комплексаў, пяціразовага харчавання. Выгоды з ліхвой кампенсуе рамантыка паходнага жыцця. На беразе возера Сенненскае, непадалёку ад вёскі  Свабодная, размясці­ўся сапраўдны палатачны гарадок. Увесь быт наладж­ваюць самі падлеткі: пад наглядам старэйшых калег з ваенна-спартыўнага гурт­ка «Спарта» вучацца ставіць палаткі, гатаваць на вогнішчы ежу.

 Кожны дзень «юніёрцаў» распісаны па хвілінах. Футбол, валейбол, крос, ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца», разнастайныя творчыя конкурсы — выхаванцам летніка ёсць  дзе праявіць свае таленты. З любімых  заняткаў — рыбалка.

 Аднак не толькі забавамі ды гульнямі насычаны дзянькі ў «Юніёры», але і карыснай працай. Падлеткі актыўна ўдзельнічаюць у праполцы суседніх фермерскіх палеткаў. Іх гаспадары ў адказ дапамагаюць правіянтам. Прадуктамі харчавання, у тым ліку свежай гароднінай, забяспечваюць ужо пастаянныя сябры «Юні­ёра» СФГ Лапеха і фірма «Аграмагнат».

 Намаганнямі «юніёрцаў» добраўпарадкавана прыбярэжная паласа. Падлеткі ачысцілі бераг ад смецця, устанавілі лавачкі, малыя архітэктурныя формы і, нават, абсталявалі валейбольную пляцоўку.

 На днях у «Юніёры» стартавала другая змена. Ужо новыя хлопчыкі і дзяўчынкі працягнуць добрыя справы сваіх папярэднікаў і атрымаюць выдатную порцыю летняга адпачынку.                       

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымках: «юніёрцы» з в.а.начальніка раённай  інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя В.Макарэвічам (у версе); на ўборцы смецця.