Стыхія і пажар для гаспадарак Сенненшчыны не бяда, калі сельгастэхніка на страхоўцы

Сёлета ў адной з гаспадарак Міёрскага раёна згарэў новенькі кормаўборачны камбайн. Урон, які панеслі міёрскія аграрыі, перавысіў паўмільярда рублёў. Горыч ад страты, безумоўна,  была б меншай, калі б машына была застрахавана.

На жаль, падобныя выпадкі здараюцца не так і рэдка, асабліва ў самую спякотную пару года —  летам, ва ўборачную кампанію,   калі сельгастэхніка выкарыстоўваецца з максімальнай нагрузкай .      

— У 2009 годзе быў выпадак узгарання кабіны зернеўборачнага камбайна ў адной з мясцовых фермерскіх гаспадарак. Праўда, той быў загадзя застрахаваны ўладальнікамі. У выніку гаспадары своечасова атрымалі належныя выплаты, — прыводзіць прыклад начальнік прадстаўніцтва па Сенненскім раёне БРУСП «Белдзяржстрах» Алена Кошалева.

 Страхаўшчыкі прапаноўваюць свае паслугі ўсім сельгасвытворцам раёна. Аднак да гэтага часу чаргі з   жадаючых скарыстацца імі  не назіралася. Сёлета становішча павінна істотна змяніцца,  бо гаспадаркам ёсць  што губляць.

 У рамках Рэспубліканскай праграмы аснашчэння  аграпрамысловага  комплексу краіны сучаснай тэхнікай у 2011годзе­  згодна з  Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №35 ад 24 студзеня 2011года  сельгаспрадпрыемствы Віцебскай вобласці атрымалі ў лізінг 498 зернеўборачных камбайнаў маркі «КЗС-1218-10». З іх ліку на Сенненшчыну паступіла 31 машына. Кошт толькі аднаго камбайна складае больш за 556 мільёнаў рублёў. І тут кіраўнікам гаспадарак ёсць пра што задумацца: застацца ў адно імгненне без такой неабходнай сёння тэхнікі, страціць унушальныя сумы грошай ці вярнуць згубленае, як кажуць, з лішкам?

 — Страхавыя ўзносы ў 40 разоў меншыя за страхавыя выплаты, — кажа Алена Уладзіміраўна.

 І тым не менш задумаліся нямногія. Пакуль свае камбайны застрахавалі ААТ «Бяленева», ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Усяго — 7 машын з 31! Праўда, Алена Уладзіміраўна сцвярджае, што дамоўленасць аб страхаванні існуе з кіраўнікамі ўсіх сельгасарганізацый раёна. Апошнія маюць магчымасць заключыць дагаворы на невялікі тэрмін — на перыяд жніва. А гэта літаральна 1-2 месяцы. Страхавы ўзнос складае 0,2%—0,3% ад сапраўднай вартасці маёмасці на момант заключэння дагавора страхавання. Страхоўка на 1 месяц за той жа «КЗС-1218-10» абыдзецца ў 1 млн 24 тысячы рублёў. Спіс страхавых рызык дастаткова шырокі. Гэта і пажары, узгаранні, уздзеянне на тэхніку прадуктаў гарэння, гарачых газаў, высокай тэмпературы і сродкаў пажаратушэння, а таксама згуба ці пашкоджанне сельскагаспадарчых машын у выніку аварыі, сты­хійных бедстваў, прасадкі грунту, абвала, апоўзня, крадзяжу і інш.

 Страхавая ахова распаўсюджваецца і на зернеачышчальна-сушыльныя комплексы «КЗСВ-30/40» і «ЗСК-30Ш», пабудаваныя пераважна ў 2006-2010 гадах, а таксама ўзведзеныя ў 2011 годзе. З сенненскіх гаспадарак свае зернесушылкі застрахавалі ААТ «Бяленева», ААТ «Сенненскі райаграсервіс», ПП «Дружбінец», ДП «Саўгас імя Машэрава», ААТ «Кругляны», «Студзёнка»,  «Какоўчына». І недарэмна. Нядаўна ад моцнага ветру пацярпела какоўчынская зернесушылка. З яе даху сарвала 25 лістоў шыферу. Урон кампенсуе страхавая кампанія.

 Дарэчы, сумныя наступствы стыхій, ад якіх у апошні час усё часцей церпяць многія раёны Беларусі, даюць падставу задумацца пра перспектыву развіцця страхавання т.зв. «прэзідэнцкіх» домікаў, пабудаваных у рамках Рэспубліканскай праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Прынамсі, страхаўшчыкі ўжо прапануюць заключаць дагаворы ці з гаспадаркай, ці ўласна з наймальнікам жылля.      

 Тым часам аблсельгасхарч настойліва патрабуе актывізаваць працу па добраахвотным страхаванні сельгастэхнікі, а не чакаць  пакуль гром грымне.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.