“Стаханавец”

Нядаўна ў маршрутцы давялося разам ехаць са знаёмым, які ў сямідзясятых гадах мінулага стагоддзя працаваў камбайнерам. Разгаварыліся. Неяк сама сабой пайшла гаворка пра ўборку, намалоты, спаборніцтва…

 — Трымаў у руках па тым часе штурвал самага высокапрадукцыйнага камбайна «Ніва». Пры шырыні жняяркі ў 4 метры і ўраджайнасці 18-20 цэнтнераў з гектара, у арганізацыі работы, іншых фактараў, што ўплываюць на тэмпы жніва, — расказваў субяседнік, — ну, чатыры-пяць гектараў за дзень выразаў і рэдка калі болей. Пры прамым камбайнаванні  і ў маіх калег больш не атрымлівалася.  Вышэйшай выпрацоўкі дабіваліся толькі на падборы валкоў.

 А тут неяк прыехаў прама на поле сакратар райкама партыі, а я ж камуніст быў, і давай нас пясочыць — працаваць развучыліся ці ўвогуле не ўмееце, безыніцыятыўныя, што б некаму кінуць кліч: «Да­еш у два разы больш!». І, як той Аляксей Стаханаў, шахцёр Данбаса, працуючы з адбойным малатком, за 5 гадзін 45 мінут, выкарыстаўшы новыя метады работы здабычы вугалю, вырубіў 102 тоны вугалю пры норме 7 тон. Гэтая ініцыятыва і дала пачатак масаваму разгортванню стаханаўскага руху ў краіне, накіраванаму на павышэнне прадукцыйнасці працы…

 Словам, разам з парторгам калгаса ўгаварылі мяне пайсці на рэкорд — выдаць з бункера «Нівы» 25 тон збожжа за рабочы дзень. Пры ўраджайнасці 50 цэнтнераў з гектара, як  я прыкінуў, лічба не была б ужо такой недасягальнай, у нас жа — 20. Ды і палі не аршанскія, як стол, а з пагорка на пагорак,  толькі і глядзі, каб  не перакуліцца. Тым не менш я пагадзіўся.

 Мне агранамічная служба  падабрала ўчастак з ураджайнасцю пшаніцы цэнтнераў на пяць вышэй, чым у сярэднім па гаспадарцы, з найменшай палегласцю, якую мужык з касой і канём, запрэжаным у калёсы, падкошваў. Таму час на падбор агрэхаў я не губляў. Ускрайкі нівы былі ўжо абжаты. На ўзбочыне яе дзяжурылі два аўтамабілі для адвозкі збожжа, пажарны разлік, аўтарамонтная майстэрня з САКам. У  тэрмасах на камбайне была пітная вада, сухі паёк на дваіх.

 Рабілі разам з памочнікам: адзін перакусвае, другі за штурвалам. Разгрузка зерня ў тран­спартныя сродкі рабілася  на хаду. Нават малую патрэбу спраўлялі з мосціка. І ведаеш, з прыцемкамі «рэкорд» быў пастаўлены. Аднак купацца ў промнях славы давялося адну ноч. Назаўтра я адчуў недружалюбныя адносіны з боку сваіх таварышаў. яны кпілі з мяне, называючы мыльным… «стаханаўцам», выскачкай. Тады я зразумеў, што ставіць рэкорды трэба працуючы ў роўных з сапернікам умовах. У інкубатарных умовах гэта ўжо не «рэкорд», а нейкая падлянка ў адносіне да сваіх сяброў, прыніжэнне іх годнасці…

 І яшчэ, каб дух спаборніцтва, напал былі сапраўднымі, трэба поўная інфармаванасць пра ўдзельнікаў жніва: хто лідар у гаспадарцы, раёне, вобласці, рэспубліцы. Дзе якая ўраджайнасць? Колькі зарабіў за дзень? Быць упэўненым, што дома ў мяне ўсё ў парадку і г.д.

 Рэкорды, канешне, спра­ва карысная. Да іх вышыні павінны цягнуцца ўсе. Але дасягаць іх варта чыстымі рукамі і сумленнем.

 Запісаў Міхаіл БЯЛОЎ.