Ёсць у Папоўцы сапраўдныя мужыкі

А яшчэ дбайныя гаспадыні, дружныя сем’і, працавітая моладзь. На днях усе яны сабраліся ля мясцовага Дома культуры, каб адзначыць свята роднай вёскі.

  Арганізатарам імпрэзы выступіў Краснасельскі СДК сумесна з бібліятэкай.

 Адкрываў свята Мікалай Курс, дырэктар ААТ «Сенненскі райаграсервіс» (большасць вяскоўцаў працуе менавіта на гэтым сельгаспрадпрыемстве). Ён падзякаваў жыхароў вёскі за добрасумленную працу.

 Музычны падарунак у выглядзе канцэрта паднеслі прыезджыя госці — фальклорны гурт Яноўскага сельскага Дома культуры. З творчымі нумарамі выступілі юныя артыстачкі, вучаніцы сенненскай другой школы Аліна Шафранская з Папоўкі і Эльвіра Конышава з Дамашэва.

 Было чым хваліцца і гаспадарам свята. Удзельнікі міні-праекта Беларускага Чырвонага Крыжа «Мы — разам» (кіраўнік Ала Шмурадка) падрыхтавалі выставу ўласных рукадзельных вырабаў. Прычынілася да свята і раённая газета. Ураджэнцы Папоўкі не раз з’яўляліся героямі публікацый у «Голасе Сенненшчыны». Аднавяскоўцы рупліва збіраюць газетныя артыкулы, дзякуючы чаму госці свята мелі магчымасць азнаёміцца з альбомам «Знакамітыя землякі». У ім не знойдзецца імён выбітных гістарычных асоб ці зорак эстрады. Хаця адно прозвішча ўсё ж такі праславіла вёску на ўсю Беларусь. Вядомы беларускі акцёр, а сёння старшыня Белтэлерадыёкампаніі — Генадзь Давыдзька — лічыць Папоўку, дзе прайшло яго дзяцінства, лепшым месцам на зямлі.

 Даяркі, жывёлаводы, механізатары, камбайнеры, паляводы — працавітымі людзьмі ганарацца вяскоўцы. Многія з іх знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

 Тым не менш, у вёсцы ім падрастае добрая змена. Адзначылі на свяце бацькоў, якія выхоўваюць пяцёра і больш дзетак. Гэта Таццяна Будыс, Людміла Давыдзька, Клаўдзія Новікава, Алена Мялешка, Святлана Аляксеева, Лілія Давыдзька. А таксама маладыя сем’і — Маханьковых, Скрагаў, Мурашкевічаў. Уганаравалі гаспадароў сядзіб, што маюць званне «Дом узорнага парадку», — Галіну Пракаповіч, Уладзіміра і Ірыну Шыбекаў.

 Падарункі ад арганізатараў атрымалі самы старэйшы і самы маленькі жыхары вёскі: 85-гадовыя Раіса Курчава, Антаніна Лагож і 8-месячны Паўлік Мялешка.

 Насельніцтва Папоўкі складае, на сённяшні дзень, 123 жыхары. Па сучасных мерках, вёска не маленькая і, што радуе, з будучыняй. Пакуль на яе вясковых вулках чуецца дзіцячы смех.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: выступаюць яноўскія артысты.