Какоўчынскі сельсавет – край малака, бульбы і… брагі

  Какоўчынскі сельсавет (выканкам сельскага Савета дэпутатаў знаходзіцца ў аграгарадку Какоўчына) раскінуўся ў паўднёва-ўсходняй частцы Сенненскага раёна. Ён мяжуе з Межаўскім і Смальянскім сельсаветамі Аршанскага раёна і нашымі — Багушэўскім і Нямойтаўскім. На яго тэрыторыі размешчана 50 населеных пунктаў з насельніцтвам 2450 чалавек. Асноўная частка вяскоўцаў жыве ў трох аграгарадках: Янова, Літусава, Какоўчына. У трох вёсках жыхары толькі зарэгістраваны.

   Аснову  эканомікі сельсавета складаюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Літусава», «Бяленева», «Какоўчына», якія ў жывёлагадоўлі маюць мяса-малочны накірунак. У раслінаводстве, акрамя вырошчвання кармавых культур і зерня, першыя дзве гаспадаркі займаюцца вытворчасцю бульбы. Сёлета пад другі хлеб адведзена плошча амаль удвая большая, чым у 2010 годзе. Пры гэтым вясной у ААТ «Бяленева» значную частку зямлі засадзілі бульбай высокіх рэпрадукцый. Ёсць спадзяванне, што з дапамогай грамадскіх сельгасарганізацый абновяць гатункі самай распаўсюджанай на прыватных прысядзібных участках культуры вяскоўцы.

Прысядзібная гаспадарка – атавізм? Ці шанс на  адраджэнне ёсць?

 Па стану на 1 студзеня 2011 года ў сельсавеце налічваўся 1091 прыватны падворак. На іх утрымлівалася  227 кароў,108 коней,538 свіней. Найбольшую гаспадарку трымае Міхаіл Кржысінскі — у ёй 14 кароў, тры каровы мае Валянціна Беразнева. Прыкладна кожны чацвёрты  большасці прыватных падворак — трымае  карову для ўласнага спажывання малака. Для гэтых жа мэт пераважна трымаюць і свіней, іншую жыўнасць. Прадукцыя сельскай гаспадаркі перастала быць сродкам атрымання даходаў.

 Між тым вялікіх праблем, каб трымаць жывёлу ў жыхароў сельсавета няма і не было. Мясцовыя грамадскія сельгасарганізацыі традыцыйна аказваюць вяскоўцам падтрымку і дапамогу.

 Браніслаў Румо — намеснік старшыні ААТ «Літусава» па корманарыхтоўцы:

 — Колькасць жывёлы на прыватных падворках вяскоўцаў скарачаецца. Моладзь хатняй гаспадаркай фактычнай не займаецца, нягледзячы на тое, што акцыянернае таварыства заўжды дапамагала ў нарыхтоўцы кармоў, прадавала маладняк жывёлы. На мой погляд, змянілася псіхалогія селяніна.

 Мікалай Парэпка, дырэктар ААТ «Бяленева»:

 — За апошнія гады ў Янове акцыянернае таварыства пабудавала цэлы пасёлак з новых дамоў. Разам з імі ўзводзі­ліся гаспадарчыя пабу­довы. Але жывёлу, у прыватнасці, буйную рагатую, трымае ўсяго некалькі чалавек — таварыства прадавала ім цялушак. Дапамагаем у нарыхтоўцы кармоў, у апрацоўцы прысядзібных участкаў, прапаноўвалі арганізаваць кааператыў па сумесным вырошчванні бульбы, зерня. Ідэю падтрымалі ўсяго тры чалавекі.

 Трэба сказаць, што ў Янове, у бліжэйшых вёсках, трымаць жывёлу на ўласным падворку прасцей, чым у іншых сельсаветах. Падтрымку прыватніку аказваюць не толькі сельгасарганізацыі. Той жа спіртзавод мае ўла­с­­­ную тэхніку. Трактары, касілка, глебаапрацоўчыя агрэгаты выдзяляюцца не толькі работнікам прадпрыемства. Спіртзавод заўжды прадаваў адходы сваёй вытворчасці — брагу, якая ішла на корм каровам, свінням. Запатрабавана яна і зараз, але далёка не ў тым аб’еме, што раней.

Віктар Грачыха, галоўны інжынер спіртзавода, дэпутат Какоўчынскага сельскага і раённага Савета дэпутатаў:

— Раней у двары кожнай хаты ў Янове  была яма, у якой захоўвалі брагу. Сёння нехта з вучоных-заатэхнікаў зрабіў вывад, што гэты прадукт шкодны. Грамадскім гаспадаркам браць яго забараняюць, мала купляе насельніцтва, бо не трымае жывёлу.

 Між тым, брага — амаль бясплатны корм. У Германіі з яе вырабляюць сухія пітныя дрожджы, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Адміністрацыя завода таксама прымае захады, каб наладзіць такую вытворчасць.

 Нядаўна на дзяржаўным узроўні ў Беларусі прынята праграма развіцця прысядзі­бнай гаспадаркі. Згодна з ёй, акрамя традыцыйнай падтрымкі з боку грамадскіх сельгасарганізацый сяляне атрымалі магчымасць узяць крэдыт у банку для набыцця тэхнікі, угнаенняў, насення, для будаўніцтва вытворчых аб’ектаў. Старэйшына вёскі Ледневічы Ларыса Бяляк — пенсіянерка. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала дырэктарам мясцовай школы. Вось як яна каменціруе новаўвядзенне:

«Праграма — гэта толькі план дзеянняў. На яе ўвасабленне трэба грошы і час, якіх, здаецца, у дзяржавы няма. Асабіста я вітаю перадачу ў прыватныя рукі збору малака ў насельніцтва. Каб яшчэ знайшоўся прадпрымальны чалавек ды арганізаваў дапамогу ў апрацоўцы зямлі, нарыхтоўцы кармоў.

 На самой справе, у той сітуа­цыі, калі пераважную большасць вясковага насель­нецтва складаюць пенсіянеры, дапамога ім ў вядзенні падсобнай гас­па­даркі вельмі патрэбна. Запатрабаваны ў вёсцы іншыя паслугі, напрыклад, па нарыхтоўцы дроў. Дзяржава спрабуе вырашыць праблемы праз стварэнне спецыялізаваных прадпрыемстваў пры сельвыканкамах, КБА. А вось прыватны бізнес у гэтую сферу эканомікі пакуль не ідзе. Відаць, прыбытку тут не атрымаеш..

Што для душы вяскоўца

У развіццё прыватных сялян­скіх падворкаў свой ­уклад робяць  фермерскія гаспадаркі. У прыватнасці, СФГ «Барвінак» займаецца не толькі вытворчасцю малака, ягад. У вяскоўцаў запатрабаваны яго дэкаратыўныя саджанцы. Сёння яны ўпрыгожваюць дачныя ўчасткі і катэджы, сялянскія двары, асабліва маладых сямей. Вяскоўцы дбаюць не толькі пра матэрыяльнае. Прыклад эстэтычнага афармлення двара паказвае старшыня выканкама Уладзімір Мурашка, інтэлігенцыя сельсавета. Прывабны выгляд мае вытворчая тэрыторыя  Багушэўскага спіртзавода. Дэкаратыўныя насаджэнні , газон з’явіліся ля адміністрацыйнага будынка ААТ «Бяленева». З густам аформлены двары Яноўскай, Какоўчынскай школ, бальніцы.

 — Чаму названыя ўстановы выгадна вылучаюцца сярод іншых? Па вялікаму рахунку гэта залежыць ад агульнай культуры кіраўніка, калектываў, ад успрыняцця рэчаіснасці, чаго загадам, прымусам не змяніць,— разважае Уладзімір Мурашка.

 Асабліва яскрава ўнутраны свет чалавека праяўляецца пры правядзенні грамадскіх спраў. Гэтай вясной сельвыканкам актыўна запрашаў жыхароў вёсак выйсці на суботнікі, каб навесці парадак на могілках. Адгукнуліся нямногія. Добра, што дапамаглі кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў — яны па разнарадцы прыслалі людзей, забяспечылі іх сродкамі вытворчасці.

 Зрэшты, ініцыятывы ўлад, змены ў эканоміцы, вытворчасці ўсё ж маюць уздзеянне на людзей, мяняюць іх стэрэатыпы поглядаў. І дагледжаных хат, падворкаў у нашых вёсках становіцца ўсё больш. Гэткія рознанакіраваныя тэндэнцыі.Іншая справа, што больш становіцца і кінутых пабудоў. З гадамі яны ператвараюцца ў разваліны ў атачэнні хмызняку і раслінных зараснікаў. Гэтая праблема вырашаецца па-рознаму. На цэнтральных сядзібах грамадскіх гаспадарак, у аграгарадках хаты-руіны зносяцца і на іх месцы ўзводзяцца новыя. У аддаленых вёсках даводзіцца ісці іншым шляхам. Плошча, якую займалі падворак, прысядзібны ўчастак, уключаецца ў севазварот мясцовых грамадскіх гаспадарак. У любым выпадку­,  для зносу пабудоў неабходны фінансавыя сродкі. Яны выдзяляюцца мэтава, з бюджэту. Але  матэрыяльнага забеспячэння сельвыканкаму не хапае. Гэта разумеюць у абл- і райвыканкаме, дзе прынялі адпаведныя пастановы. На іх падставе на дапамогу Какоўчынскаму сельвыканкаму ў справе добраўпарадкавання, зносу старых пабудоў прыйшлі не толькі мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі. У Даганоўцы працавалі людзі і тэхніка РУП ЖКГ, Ходасы абкашвалі работнікі  раённага вузла паштовай сувязі. Супрацоўнікі яноўскага паста РАНС шмат і карысна працавалі вясной на добраўпарадкаванні могілак. Іх сіламі знесены некалькі безгаспадарчых хат.

 — З Віцебскіх арганізацый-шэфаў, якія дапамагаюць у добраўпарадкаванні вёсах сельсавета, я б адзначыў ААТ «Лотас», ДП «Горсвет», ААТ «Віцязь». Без іх дапамогі рэалізаваць нашы планы мы б не змаглі, — лічыць Анатоль Мурашка. Ён не хавае, што асноўная прычына занядбанасці вёсак не столькі ў старэнні насельніцтва. Гэтая прычына з’яўляецца асноўнай, калі гаворка ідзе пра аддаленыя вёскі. Што замінае яноўцу займацца добраўпарадкаваннем двара, прыдамавой тэрыторыі? Чаму людзі так вяла адгукаюцца на заклік выканкама выйсці на добраўпарадкаванне могілак? Прычына гэтага куды глыбей. Калі быць шчырымі, вяскоўцам не хапае элементарнага патрыятызму, гордасці за сваё, мясцовае. На тых жа яноўскіх могілках пахаваны Мікалай Цуран, дырэктар саўгаса імя Машэрава. Хто і калі з сённяшняга кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства ў апошні раз бываў на яго магіле? Непадалёку пахаваны Анатоль Шышкін, які доўгія гады ўзначальваў спіртзавод. Яго стараннямі пабудаваны цэлы пасёлак у вёсцы. Ці ўспамінае хто пра гэта?

 Мы доўга разважалі з Уладзімірам Мурашкам, кіраўніком сельвыканкама, на гэтую тэму. Да нейкіх канкрэтных вывадаў не прыйшлі. Але тое, што  праблема такая існуе — безумоўна.

 Яна, хутчэй за ўсё звязана са зменамі што адбыліся за апошнія гады ў вёсцы. Дробныя населеныя пункты знікаюць, у буйных з”явілася шмат новых людзей, якія не маюць ні эканамічнай ні духоўнай прывязанасці, абыякавыя да традыцый абарыгенаў.  Улі­чваць ментальныя змены ў псіхалогіі людзей карысна як прадстаўнікам ўлады, так і арганізатарам вытворчасці. Ініцыятыва па стварэнні заканадаўчай базы, змены існуючай, каб яна спрыяла развіццю шматукладнай эканомікі ў сельскай мясцовасці, таксама павінна зыходзіць ад іх. Пакуль што падобнага не назіраецца. Чаму? Гэта тэма для асобнай размовы.

 Аляксандр ЛАЗЮК.

 

 НА ЗДЫМКАХ: так выглядае тэрыторыя, што прылягае да адміністрацыйнага будынка ААТ «Бяленева»; Віктар Грачыха, дэпутат двух Саветаў, галоўны інжынер Багушэўскага спірт­завода; супрацоўнікі яноўскага паста РАНС працуюць на добраўпарадкаванні могілак .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *