Супрацоўнікі РАНС высветлілі, якія аб’екты на Сенненшчыне з’яўляюцца самымі пажаранебяспечнымі.

У гаспадарках гарачая пара. Пачалася ўборка збожжавых. Галоўная задача кіраўнікоў сельгас­прадпрыемстваў заключаецца ў тым, каб здаць дзяржаве якасную прадукцыю. З гэтай мэтай асноўная ўвага павінна быць накіравана на падрыхтоўку збожжаперапрацоўчых комплексаў. Аднак у некаторых гаспадарках раёна гэта работа вядзецца на недастатковым узроўні.

  У ААТ «Кругляны» не надаюць належнага значэння супрацьпажарнай бяспецы.  Пабудовы не забяспечаны першаснымі сродкамі пажаратушэння, адсутнічае знешняе супрацьпажарнае водазабеспячэнне. Самі будынкі захламлены непатрэбнымі рэчамі. Зварачны кабель не ізаляваны, размеркавальныя каробкі не зачынены, барабанная сушылка ад пылу не ачышчана. Тэрыторыя вакол сушылак не абкошана, не абсталявана месца для курэння. Нават супрацьпажарны інструктаж з работнікамі не праводзіўся.

  Аналагічная сітуацыя праслежвалася і ў КУСГП імя Гараўца. На ўсіх аб’ектах адсутнічалі вогнетушыцелі. Па словах кіраўніка Аляксея Вікторчыка, іх павезлі запраўляць у Віцебск. Ці не позна  спахапіліся? На зернескладзе ў вёсцы Ског не праведзены належны прафілактычны рамонт электраправодкі. На зямлі, каля сушылкі, што працуе на вадкім паліве, лужы саляркі. Удзень электрычная лямпачка спаборнічала з сонцам. Напэўна ў гаспадарцы шмат лішніх грошай, каб выкідваць іх на вецер. А як жа патрабаванні Дырэктывы №3?

  Здзіўляе стаўленне работнікаў да сваіх абавязкаў. Калі спыталіся, чаму да гэтага часу не падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі, пачулі ў адказ: з горада яшчэ нікога не прысылалі. Але ж элементарна хаця б тэрыторыю вакол сушылак можна было абкасіць, а так прывыклі на чужых плячах у рай ехаць.

  Усе гэтыя недахопы выяўляюцца з году ў год. Менавіта яны могуць стаць прычынай чалавечых ахвяр і вялізнага матэрыяльнага ўрону.

 Ларыса МУКАМОЛАВА.

НА  ЗДЫМКАХ: «электра­вісюлькі» у КУСГП імя Гараўца; розным хламам загрувашчана памяшканне зернесушыльнага комплекса ў  ААТ «Кругляны».