Сенненцы выходзяць на абарону сваіх палеткаў.

Ліпень— вяршыня лета. Бадай, самая прыгожая пара года. У садах і агародах паспелі ягады, набіраюць сілу бульба, капуста, памідоры, іншая гародніна. Наогул, гэта час  прыемны для кожнага ўладальніка вялікіх і малых сотак. Настрой азмрочваюць толькі злодзеі, якія крадуць усё, што вырасцілі дбайныя жыхары Сянно і раёна.  Дробныя крадзяжы ўласнай маёмасці — рэальнасць нашага жыцця. У асноўным, яны здзяйсняюцца  з дачных участкаў, дзе гаспадары бываюць не кожны дзень. А несвоечасовы зварот у міліцыю робіць раскрыццё злачынства практычна немагчымым.

  Як паказвае практыка, несуны больш шкоды наробяць, чым тае агародніны вынесуць. Але яны ж не садзілі, не даглядалі. Ці ж шкада? Вырвалі, што сабралі, што кінулі, і збеглі. А, здавалася б, што прасцей? Бяры зямлю, купі насенне і, калі ласка, працуй. Дык не! Навошта гарбець, калі можна зрабіць некалькі рэйдаў па людскіх агародах і спакойна сядзець у цянёчку.

  Як правіла, на шлях несумленнай нажывы становяцца асобы, што злоўжываюць спіртнымі напіткамі, не працуюць, толькі вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.

  У 2010 годзе на тэрыторыі Сенненскага раёна было здзейснена 24 адміністрацыйныя правапарушэнні ў адносінах да маёмасці грамадзян, толькі ў ліпені бягучага года —7, у тым ліку ўзбуджалася  адна крымінальная справа.

 Каб правучыць злодзеяў, трэба звяртацца ў міліцыю. За падобныя злачынствы, згодна з артыкулам 10.5ч.1КаАП, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу  ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт. У выпадку паўторнага затрымання грамадзяніна за аналагічнае правапарушэнне прадугледжа­на адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 30 да 50 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт. За крадзеж уласнай маёмасці прадугледжваецца і крымінальная адказнасць у выглядзе штрафу альбо папраў­чых работ на тэрмін да 2 гадоў ці арышт тэрмінам да 6 месяцаў, альбо абмежаванне волі да 3 гадоў ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін згодна з артыкулам 205ч.1КК. На падставе гэтага ж артыкула ч.2 прадугледжана пакаранне папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў ці арышт на тэрмін ад 3 да 6 месяцаў, альбо абмежаванне волі  на тэрмін да 4 гадоў ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

 Міліцыя ля кожнага агарода пост не паставіць. Таму грамадзянам і самім трэба больш займацца  аховай вырашчанага ўраджаю. Сенненскі РАУС звяртаецца да жыхароў раёна з просьбай быць больш  пільнымі. Калі на сваім участку альбо на ўчастку суседа вы заўважылі падазроную асобу, адразу паведамляйце ўчастковаму інспектару, звяртайцеся да старэйшыны вёскі, тэлефануйце ў сельскі выканаўчы камітэт ці ў раённы аддзел унутраных спраў па тэлефоне 102.

  Калі своечасова звяртацца ў міліцыю, крадзяжы выяўляюцца і злодзеі нясуць заслужанае пакаранне.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *