Сенненскія сацработнікі — людзі, адданыя сваёй прафесіі

Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму — самае вялікае структурнае падраздзяленне ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна. У яго штаце — 3 інспектары і 78 сацыяльных работнікаў. Загадчыца аддзялення, Таццяна Уладзіміраўна Вярцінская, сама прайшла шлях ад сацработніка да кіраўніка службы. А таму не па чутках ведае ўсе цяжкасці гэтай самай гуманнай  прафесіі.

 — Мы займаемся аказаннем комплекснага надомнага абслугоўвання адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян пенсійнага ўзросту, а таксама выяўленнем тых, хто мае патрэбу ў сацыяльных паслугах. Гэта калі казаць афіцыйнай мовай. А ўвогуле наша мэта — дапамагчы адзінокім, старэнькім людзям як мага болей утульна і зручна адчуваць сябе ў сваім жа доме, пад­трымаць іх фізічна і псіхалагічна.

 Сёння аддзяленне прапаноўвае больш за 17 паслуг. Перш за ўсё, гэта, канешне, сацыяльна-бытавая дапамога. Сацыяльныя работнікі займаюцца дастаўкай прадуктаў, медыкаментаў, прыгатаваннем ежы, прыбіраннем дома, аплатай камунальных і іншых плацяжоў, распальваннем печы, садзейнічаюць у апрацоўцы прысядзібных участкаў і многім іншым.

 — І гэта мінімум таго, што робяць супрацоўнікі аддзялення. Падчас яны для нашых падапечных не проста памочнікі па гаспадарцы — адзіная нітачка, што звязвае старэнькіх са светам за сценамі іх хаты. Нават больш таго — родныя людзі, бліжэй якіх у нашых бабуль і дзядуль проста няма. Сацработнікі нярэдка замяняюць уважлівых псіхолагаў, аказваючы немалую маральную патрымку сваім кліентам, іх родным.

 Ажыццяўляе дапамогу сацыяльная служба як на бясплатнай аснове, так і на ўмовах частковай ці поўнай аплаты.

 — На бясплатную маюць права малазабяспечаныя адзінокія грамадзяне, у якіх памер пенсіі ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Сёння гэта — 343 265 рублёў. А таксама малазабяспечаныя адзінокія грамадзяне, не маючыя працаздольных членаў сям’і, якія абавязаны ўтрымліваць іх згодна закону. Часткова аплачваюць нашы паслугі адзінокія, у якіх пенсія перавышае памер бюджэта пражытачнага мінімуму, устаноўленага на дату залічэння на сацабслугоўванне. І адзінока пражываючыя грамадзяне, маючыя на тэрыторыі Беларусі працаздольных родных, але не пражываючыя з імі ў адным населеным пункце. Непрацаздольным грамадзянам, якія маюць у адным населеным пункце працаздольных родных ці пражываюць з імі сумесна, давядзецца аплачваць поўны кошт. Сума платы яшчэ залежыць і ад колькасці   візітаў сацработнікаў (2,3,4 ці 5 разоў на тыдзе­нь),складу сям”і. Але ў  прынцыпе, цэны ў нас дастаткова прымальныя для любой катэгорыі грамадзян.

 Па стане на 1 ліпеня 2011 года на абслугоўванні аддзя­лення сацыяльнай дапамогі на даму знаходзіцца 421 адзінокі (88 чалавек) і адзінока пражываючы (333 чалавек) непрацаздольны грамадзянін. З іх 22 — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

 — Каб патрапіць у гэты спіс неабходна ў першую чаргу патэлефанаваць у ТЦСАН па нумары 4-30-85 і выказаць жаданне стаць да нас на абслугоўванне. Пасля чаго інспектары завітаюць да звярнуўшагася па месцы жыхарства і дапамогуць аформіць усе неабходныя дакументы і даведкі.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.