Любімы кветкі Галіны Кузняцовай

Буйства красак і непаўторны водар! Такім уяўляецца кветнік, што разбіты ля дома №3 па вуліцы Маладзёжнай у Ходцах. Гаспадыня і дагля­дчыца яго — жыхарка гэтай двухпавярхоўкі Галіна Васільеўна Кузняцова — вядомая на аграгарадок кветкавод-аматар. Фотаздымкі жанчыны і яе прыгожых гадаванцаў неаднаразова змяшчаліся на старонках абласной прэсы. І не дзіва. 98 гатункаў кветкавых раслін — менавіта столькі вырошчвае яна на сваіх палетках. Найбольш любімыя сярод іх — ліліі. Іх у Галіны Васільеўны — больш 30 гатункаў: бардовыя, ружовыя, белыя, жоўтыя і, нават, колеру шампанскага… З незвычайнымі, экзатычнымі назвамі. Свае расліны яна выпісвае па спецыялізаваных каталогах, абменьваецца насеннем з калегамі па хобі з іншых гарадоў Беларусі. Нядаўна жыхары двара аднагалосна прызналі  яе кветнік — лепшым. А яна з задавальненнем дзеліцца з аднавяскоўцамі расадай ды клубнямі і марыць ператварыць родныя Ходцы ў квітнеючае царства.    

—Я заўсёды прагнула працаваць на зямлі. Ды толькі часу на гэта вечна не хапала, — кажа хадчанка.

 Філолаг па адукацыі, Галіна Кузняцова 20 год адпрацавала дырэктарам Ходцаўскай сярэдняй школы. Пасля выхаду на пенсію жанчына занялася сваім невялічкім прысядзібным участкам. Пачынала з градак, але ж цяга да прыгожага была мацнейшая за вясковую практычнасць. Неўзабаве агарод ператварыўся ў шыкоўны кветнік. Кветкі ў Кузняцовых — сямейнае захапленне. «Раёнка» неяк пісала пра сястру Галіны Васільеўны, бібліятэкарку з Обалі, таксама кветкавода, — Зінаіду. Спадзяецца хадчанка, што перадасца хобі і яе дзецям, унукам. Прынамсі, настаўніцтва ўжо перайшло ў спадчыну. Сын Галіны Васільеўны працуе настаўнікам фізкультуры ў школе №43 мікрараёна Білева г.Віцебска. Старэйшая дачка скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, жыве ў Санкт-Пецярбургу. Малодшая выбрала прафесію эканаміста. 

 Сёння Галіна Васільеўна Кузняцова радуецца сваім чатыром унукам. На момант майго візіту ў бабулі гасцявалі  тры дарагія для яе сэрца «кветачкі»— унучачкі Паліна, Мілана і Ульяна.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: Галіна Кузняцова са сваімі любімымі кветкамі і «кветачкамі».