Зямлю араць — навука. На Сенненшчыне, нягледзячы на жніўныя работы, правялі конкурс аратых

І ў гэтых словах ні кропелькі перабольшвання. А таму на Сенненшчыне, нягледзячы на жніўныя работы, правялі конкурс аратых. Ва ўрочышчы Гарывец сабраліся лепшыя механізатары, кіраўнікі і галоўныя інжынеры грамадскіх сельгасарганізацый. Выступаючы перад арганізатарамі і ўдзельнікамі мерапрыемства Віктар Цапота, старшыня райвыканкама, сказаў: «Магчыма, некаму падасца правядзенне конкурса несвоечасовым. Я ўпэўнены ў зваротным — самы час. Навучымся араць тэхналагічна — павысім ураджай, атрымаем эканамічныя дывідэнды ўжо праз год».

 Спаборніцтвы праходзілі ў некалькі этапаў. Спачатку аратыя селі за парты, ім прачыталі некалькі лекцый. Сяргей Калеснікаў, галоўны інжынер ДП «Саўгас імя Машэрава», расказаў пра асаблівасці эксплуатацыі энерганасычанага трактара «Беларус-3022», які, пераважна, выкарыстоўваецца на палях для ўздыму глебы. Аб васьмікорпусных абаротных плугах, іх настройцы і рэгуліроўцы распавёў Валерый Кучко, дырэктар філіяла «Віцебская доследная меліярацыйная станцыя» Інстытута меліярацыі акадэміі навук. З умовамі аплаты працы механізатараў пазнаёміла начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Галіна Фралова.

  Пасля гэтага для механізатараў прыйшоў час паказаць сябе. У тэарэтычнай частцы спаборніцтваў канкурсанты адказвалі на пытанні, унесеныя ў білеты, у практычнай  —  вялі ворыва, якасць якога ацэньвала камісія з ліку работнікаў раённай агранамічнай службы. Глыбіня ведаў і дасканаласць  практычных навыкаў механі­затараў правяралася  ў індывідуальным парадку і сярод каманд. Вынікі аказаліся досыць нечаканымі. У лік пераможцаў і прызёраў не ўвайшлі прадстаўнікі  арганізацый, якія маюць значную колькасць трактарыстаў, традыцыйна  вызначаюцца ў вытворчасці. У камандным заліку перамаглі механізатары КУСГП імя Данукалава, на другім месцы — ААТ «Какоўчына», трэцім  — ААТ «Ульянавічы», дзе працуе па 10-15 трактарыстаў. У індывідуальным заліку найбольш балаў (141 са 155) набраў Уладзімір Кандрацьеў, араты ААТ «Пурплева», другі вынік (140 балаў) паказаў Генрых  Пупін з ААТ «Какоўчына», трэці — Аляксандр Гарбачоў з  ААТ «Ульянавічы», пастаянным месцам работы для якога з’яўляецца Багданаўская школа. Сяргей Юроўскі, механізатар гэтай жа гаспадаркі  таксама адзначаны на конкурсе — як пераможца сярод маладых трактарыстаў. Пераможцам і прызёрам уручаны Ганаровыя граматы упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, каштоўныя падарункі. Пераможцу конкурсу сярод маладых механізатараў заахвоціў аддзел па справах моладзі.

 Падсумоўваючы вынікі конкурсу Генадзь Сабыніч, начальнік райсельгасхарчу, не хаваў: «Конкурс засведчыў — араць мы не ўмеем. Але гэта яшчэ адзін довад для тых, хто быў супраць правядзення мерапрыемства. Вучыцца трэба не толькі на такіх конкурсах, вучыцца трэба пастаянна, вучыцца трэба дома».

Л. ІЎЕЎ.

НА ЗДЫМКАХ: узнагароды прымае Уладзімір Кандрацьеў; за работай камісія.

Зямлю араць — навука. На Сенненшчыне, нягледзячы на жніўныя работы, правялі конкурс аратых: 2 комментария

  • Пятница, 5 авг., 2011 в 17:18
    Permalink

    Не тот ли это Юровский из д. Латыголь, который без прав в Ульяновичах работает?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ
  • Среда, 17 авг., 2011 в 21:06
    Permalink

    Ответит кто-нибудь или нет? Или сразу на сайт райисполкома вопрос задавать, что бы уж официально сразу?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *