У армію… з матчыным наказам. Першая партыя маладых сенненцаў накіравалася ў войска.

19 ліпеня адбылі на тэрміновую службу 13 юнакоў нашага раёна. Маладыя людзі накіруюцца на ахову граніцы, папоўняць рады падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў.

 

  У раёне стала добрай традыцыяй праводзіць у армію ўрачыста. Павіншаваць юнакоў сабраліся родныя і знаёмыя, работнікі ваеннага камісарыята.

 Пра сур’ёзнасць, адказнасць і ганаровасць службы гаварыў ваенны камісар, падпалкоўнік Сяргей Пінчук. Годна несці службу, стаць умелымі і граматнымі воінамі — галоўныя яго пажаданні прызыўнікам.

 Наталля Іванаўна Сінкевіч ад імя ўсіх бацькоў заклікала юнакоў не забывацца пісаць лісты дадому і памятаць, што тут іх  любяць і  заўсёды  чакаюць.

 Па словах былога прызыўніка і радавога 103-й асобнай мабільнай брыгады Яўгена Рыбчанкі, армія — гэта дарога сталення і мужнасці, а служыць у ёй  карысна і, нават, цікава. Галоўнае, не баяцца цяжкасцей і ўмець іх пераадольваць.

 Наперадзе ў юнакоў штодзё­нныя трэніроўкі і нялёгкія армейскія будні. Зразумела, што спазнаваць усе складанасці воінскага быцця — задача не з лёгкіх.

 Будзем спадзявацца, што маладыя людзі стануць  сапраўднымі салдатамі,  не пасаромяць сваіх землякоў, бацькоў, родных і блізкіх, любімых, якія з нецярпеннем будуць чакаць іх вяртання з радоў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пасталелымі, загартаванымі суровымі буднямі армейскага жыцця.

 

Ларыса МУКАМОЛАВА.

НА ЗДЫМКАХ: да прызыўнікоў звяртаецца Наталля Сінкевіч;  прызыўнікі-сенненцы перад адпраўкай на зборны пункт.