На Сенненшчыне прыйшоў час перахадзіць на “вялікі хлеб”
Натужна, з нізкімі намалотамі пачалося жніво на Сенненшчыне. Пры тым, што і зернеўборачнай тэхнікі для работы ў больш высокім тэмпе, і біялагічнага ўраджаю на палях хапае. Па стане на 24 ліпеня намалот з гектара складаў 24,9 цнт. Са 127 наяўных зернеўборачных камбайнаў у полі працавала толькі 92 машыны.
Назаўтра сітуацыя крыху выправілася. Працавала 107 камбайнаў, а ўраджайнасць з гектара дасягнула 25,2 цнт.
— У большасці гаспадарак выбралі няправільную тактыку — да гэтага часу ўбіраюць азімыя культуры, якія сёлета не вызначаюцца высокай ураджайнасцю. Падобны крок быў апраўданы на пачатку ўборачных работ, калі не было спелых ячмянёў, іншых яравых культуры. Зараз трэба ўбіраць там, дзе ёсць вялікі хлеб, — пракаментавала сітуацыю Антаніна Сунцеева, начальнік аддзела вытворчасці і збыту ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Па яе падліках 24 ліпеня ў КУСГП імя Данукалава ўборку зерневых вялі на плошчах з ураджайнасцю 11,8 цэнтнера з гектара, у ААТ «Белая Ліпа»— 15, КУСГП «Полымя» — 18. Больш чым па 30 цэнтнераў з гектара намалоты дасягалі ў ААТ «Сінягорскае» і «Бяленева», у ВДМС — 41,4. Такая ўраджайнасць, як мінімум, на асобных палетках ёсць і ў астатніх гаспадарках. Тут у першую чаргу і трэба весці жніво.
Напярэдадні выхаду нумара валавы збор збожжа ў раёне складаў 9433 тоны збожжа. Больш чым 1000 тон зерня намалацілі хлебаробы ААТ «Сінягорскае», 1633 тоны — на рахунку камбайнераў райаграсервіса.
Л.ІЎЕЎ.