Дежурный репортёр. А вода из колонки рекой! Почему сенненцы должны оплачивать оплошности коммунальников?

Зоя Сяргееўна Траццякова, жыхарка вёскі Ског, за «вадзяныя» паслугі ЖКГ у лютым гэтага года заплаціла 14750 рублёў, у сакавіку — 23940, у красавіку — 9100, столькі ж —  у маі. У чэрвені паслуга ўжо каштавала 36100 рублёў, за ліпень налічылі 44 тысячы рублёў. Адкуль такія лічбы?

 Высветліць гэта спрабаваў і аўтар гэтых радкоў, патэлефанаваўшы ў юрысконсультскую службу РУП ЖКГ.

 Як паведаміў Арцём Ярохаў, бяда Зоі Сяргееўны ў тым, што яе гаспадарка не аснашчана прыборам уліку спажывання вады. Плата бярэцца па разліковых нормах і тарыфах, якія сёлета значна ўзраслі. Сям’я спадарыні Траццяковай — два чалавекі, утрымліваецца некалькі галоў жывёлы, з 15 мая і па  15 жніўня бярэцца плата за паліў прыдамавых сотак —21600 рублёў у месяц.

 — Няхай у маі і чэрвені не было дажджоў, але ж у ліпені — іх хапае.  Ці будзе зроблены пераразлік? — пацікавіўся я.

 — Не! — пачуў у адказ. — Усіх папярэджвалі і не раз аб тым, што трэба ставіць лічыльнікі, што без прыбораў уліку расходу вады, кошт гэтай паслугі ўзрасце ў разы. Лічыльнік паставіць можна і сёння. Разам з устаноўкай ён абыдзецца дзесьці ў межах 100 тысяч рублёў.

 Пазіцыя работніка жылкамунсага зразумелая. Але ж і Зоя Сяргееўна мае рацыю. Яна ж не адмаўляецца плаціць. Але плаціць згодна толькі за тое, што спажыла яе гаспадарка, а не за тое, что выцекла з няспраўных калонак і пайшло бясследна ў пясок,пералілося з воданапорных вежаў і г.д.

 Хочацца спытаць у работнікаў ЖКГ: ці ўкладваецца ваша арганізацыя ў планавы паказчык страт вады? І на каго разносіцца колькасць вады, якая збегла амаль за двое сутак пры поўным напоры з неадрамантаванай своечасова калонкі па вуліцы Заслонава ў г. Сянно. А такіх выпадкаў па раёне дзесяткі. Калі  грамадзян заклікаем да эканоміі і ўліку вады, то і самім у гэтым плане трэба быць ашчаднымі.

Людзі ўдзячны

Вельмі рэдка, але на рубрыку паступаюць і ўдзячныя тэлефанаванні. Пётр Ляхновіч, жыхар горада Сянно, ад імя жыхароў дома № 8 па вуліцы Чырвоны Кастрычнік дзякаваў Анатолю Захаравічу Паддубцу, намесніку начальніка РУП ЖКГ за тое, што ў іх доме, нарэшце, з’явілася нармальная гарачая вада. «Усю зіму не было ў доме гарачай вады. І ніхто рады даць не мог, а Паддубец прыслаў сантэхнікаў, якія абследавалі сістэму, устанавілі бойлер і мара жыльцоў збылася. Дзякуй яму!»

Па рубрыцы дзяжурыў Міхаіл БЯЛОЎ.

Сёння вас выслухае в.а. галоўнага рэдактара Аляксандр Лазюк па тэл.: 4-12-57.