У Сенненскім раёне зменшылася доля прамысловай і экспартаарыентаванай прадукцыі. Вынікі эканамічнай і сельскагаспадарчай дзейнасці былі разгледжаны на апошнім пасяджэнні Сенненскага райвыканкама

«Аб выніках работы народнагаспадарчага комплексу раёна і выкананні бюджэту за студзень-чэрвень 2011 года» — у парадку дня апошняга пасяджэння раённага выканаўчага камітэта гэта пытанне стаяла першым. Лейтматывам  даклада, з якім выступіла Людміла Сцепаненка, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама, стаў тэзіс — эканоміка раёна развіваецца, але недастаткова дынамічна. З 19 кантралюемых прагнозных паказчыкаў выкананы толькі 8. Яшчэ большую трывогу выклікае той факт, што ў раёне не вырабляецца інавацыйная прадукцыя, змяншаецца доля прамысловай, экспартаарыентаванай.

— Такія тэндэнцыі  — не наш шлях, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Віктар Цапота, — бо ён вядзе да поўнай страты прамысловасці раёна.

Менавіта таму кіраўнік раёна ставіў самыя жорсткія патрабаванні да Аляксандра Ласянкова, дырэктара КУПБА «Прэстыж». На прадпрыемстве нізкія прадукцыйнасць працы, заробкі. Да гэтага часу не выканана рашэнне райвыканкама аб перадачы «Прэстыжу» усёй «бытоўкі» раёна.

Высокая дэбіторская запазычанасць РУП ЖКГ — праблема «з барадой». Новых падыходаў, канкрэтных захадаў па яе ліквідацыі кіраўніцтва прадпрыемства, спецыялісты райвыканкама, якія адказваюць за дзейнасць прадпрыемства, не прапанавалі і на гэты раз. Прапанова, што зыходзіць ад выканкама, у прыватнасці, па разліву піт­ной вады, успрымаецца як нерэальная на той падставе, што падобны праект не акупіўся ў Докшыцах, што лінія разліву ёсць у райспажыўтаварыстве. Камунальнікам прапанавана шукаць і знайсці рынкі збыту для вады, аказваць насельніцтву дадатковыя платныя паслугі, каб безумоўна выканаць усе прагнозныя паказчыкі.

Людміла Турэйка, намеснік старшыні райспажыўтаварыства, наракала на неспрыяльныя ўмовы для набыцця тавараў, зніжэнне пакупніцкага попыту. У той жа час рэальнасцю сенненскіх магазінаў з’яўляецца дэфіцыт, адсутнасць выбару на мыючую прадукцыю, будаўнічыя матэрыялы. Не акупаюцца, пакуль што, інвестпраекты райспажыўтаварыства.

Справаздачы трымалі таксама Мікалай Курс, дырэктар ААТ «Сенненскі райаграсервіс», Аляксей Вікторчык, дырэктар КУСГП імя Гараўца. Паказаць аддаленую перспектыву развіцця сельгаспрадпрыемстваў, якія яны ўзначальваюць, кі­раўнікі названых гаспадарак не змаглі.

— Вельмі дрэнна! — у чарговы раз падсумаваў Віктар Цапота. — Спадзяюся, што ўпраўленне сель­скай гаспадаркі і харчавання райвыканкама бачыць, як будуць далей развівацца гэтыя і іншыя прадпрыемствы.

Магчыма, Аляксею Вік­торчыку выпрацаваць стратэгію і тактыку развіцця прадпрыемства дапаможа ўдакладненне наяўнасці ворыўных зямель. Гэта зрабіў «Праектны інстытут «Віцебскбелгіпразем». Даклад па азначаным пытанні зра­біў Міхаіл Чыгрынаў, начальнік вытворчага аддзела прадпрыемства. З садакладам выступіў Анатоль Гарбуз, начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама.

Як выконваюцца заданні па нарыхтоўцы кармоў, наколькі сельгасарганізацыі раёна гатовы да жніва, сяўбы азімых культур — пра гэта членам выканкама расказаў Генадзь Сабыніч, начальнік райсельгасхарчу. Яго даклад дапоўніў Аляксандр Басякоў, дырэктар ПП «Дружбінец», кіраўнікі іншых сельгасарганізацый раёна.

У цэлым сітуацыя ў аграпрамысловым сектары раёна даволі неадназначная. З аднаго боку, заданні па нарыхтоўцы кармоў траў першага ўкосу выкананы. Расце нядрэнная атава. Кукуруза, як ніколі, выдалася на славу ва ўсіх гаспадарках. Абследаванні паказалі, што толькі 3 % яе знаходзяцца ў здавальняючым стане. На астатніх плошчах кукуруза ацэнена як добрая ці выдатная. Радуе біялагічны ўраджай зерневых культур.Але ёсць і праблемы. Галоўная — эканамічны стан прадпрыемстваў.

— Пра дасягненні будзем гаварыць, калі ўсё гэта багацце ўбяром, — не даваў заспакойвацца аграрні­кам Віктар Цапота. — Каб правесці жніво без страт, людзей трэба вучыць: механізатараў, спецыялістаў, адказных за стан спраў у гаспадарках прадстаўнікоў райвыканкама.

У пацвярджэнне гэтых слоў работа выканкама працягвалася ў выязным рэжыме. Ва ўрочышчыТурава ААТ «Сенненскі райаграсервіс» члены выканкама, кіраўнікі, галоўныя аграномы, інжынеры сельгасарганізацый, спецыялісты райсельгасхарчу абмяняліся думкамі аб стане пасеваў кукурузы, ля вёскі Каралевічы — насенніка канюшыны. Каля Гарыўца працавалі камбайны — гэта механізатары  райаграсервісу трэці дзень жалі азімую пшаніцу. У ААТ «Ульянавічы» госці наведаліся на склады акцыянернага таварыства, дзе будзе захоўвацца зерне новага ўраджаю, пазнаёміліся з вагавай гаспадаркай і сістэмай уліку збожжа. Пра рэгуліроўку і настройку, герметызацыю зернеўборачных камбайнаў прысутным расказаў галоўны інжынер ДП «Саўгас імя Машэрава» Сяргей Калеснікаў.

Падсумоўваючы вынікі работы, Віктар Цапота зазначыў: «Сёлета дзяржава прадаставіла сельгасарганізацыям усё неабходнае. І зямля аддзячыла за ўвагу да яе. На палетках даспявае добры ўраджай. Убраць яго хутка, без страт мы абавязаны. Сваю лепту ў галоўную работу года павінны ўнесці ўсе прысутныя, бо сельская гаспадарка — аснова эканомікі раёна.»

Аляксандр ЛАЗЮК.

Фота аўтара.