На сенненскіх палетках расце французскі лён

«Зелянцом» пачалі церабіць лён механізатары абодвух заводаў Сенненскага раёна. Мяркуецца, што работы ў гэтым рэжыме будуць праведзены на 20% ад агульнай плошчы пасеваў. Нагадаем, што сёлета, як і летась, пад тэхнічную культуру адведзена 1100 га ворнай зямлі.

 — Работы вядуцца на засмечаных пустазеллем участках, там, дзе пасевы перакруціла ветрам, — тлумачыць Валянціна Сінякова, галоўны аграном Сенненскага льнозавода.

 Такіх участкаў няшмат. Самы вялікі знаходзіцца ля вёскі Малая Беліца. Вясной ільнаводы змагаліся на ім з усходамі рапсу, які тут убіралі два гады таму. Зараз лён цярэбяць разам з пялюшкай. Яна расла летась. Такія абставіны, безумоўна, павялічылі выдаткі прадпрыемства. Але завадчане ўсё ж упэўнены, што сёлетняя траста прынясе дывідэнды — яна больш багатая на валакно. Палеткі на 70 % засеяны насеннем замежнай селекцыі: французскай і чэшскай. Лён гатункаў «дракар», «алізэ», «табар», а таксама беларускія «васілёк», «блакіт» у параў­нанні з тымі, што выкарыс­тоўваліся раней, маюць павышаную валакністасць. Вынікі даследаванняў заводскай лабараторыі гэта пацвярджаюць.

 Першым на поле выйшаў самаходны камбайн. Дарэчы, кіруе ім Віктар Петухоў, вадзіцель рэдакцыйнай машыны. Памочнікам у яго заняты Максім Мізаўцоў (на здымку). Усяго часова на завод прынята 4 механізатары, якія пастаянна працуюць у РЦГЭ, Сенненскай СШ № 1, РУП ЖКГ. Акрамя гэтага на іншых работах заняты школьнікі старэйшых класаў.

 Самаходнай машынай робяцца праходы па краях палёў, адбіваюцца загоны, каб без страт весці работу на прычапных камбайнах.

Вядуцца падрыхтоўчыя работы і ў цэху перапрацоўкі трасты. Як расказаў Аляксандр Чыжэўскі, галоўны інжынер завода, усё абсталяванне тэхналагічнай лініі прайшло прафілактычны агляд, адрамантавана. Пашырана памяшканне, дзе ўстаноўлена прыстасаванне для размотвання рулонаў. Гэта дазволіць весці работу без умяшання людзей.

 — Вылежка трасты ідзе хутка. Так што не за гарамі час, калі пачнецца яе ўборка. Будзем старацца максімальна механізаваць працэс. Галоўнае, каб паспрыяла надвор’е. Але на льняных сцелішчах не абы­сціся без ручной работы. Таму разлічваем на разуменне і дапамогу работнікаў сенненскіх арганізацый, школьнікаў, пенсіянераў, — не хавае дырэктар ААТ «Сенненскі льнозавод» Барыс Уласевіч.

Л. ІЎЕЎ.