25 ліпеня — Дзень пажарнай службы. Багушэвец Уладзімір Прыстаўка — сапраўдны мужчына і ў сям’і, і ў працы

Да новабудоўлі пад’ехала машына.  З яе выйшаў высокі, чарнявы мужчына, з пасажырскага месца ўзнялася жанчына. Услед за бацькамі выскачыла вясёлая чатырохгадовая дзяўчынка. Узяўшы дачку за руку і прысеўшы крыху ў старонцы,  жанчына слухала аб чым ідзе наша гаворка. Падказвала  му­жу, калі той саромеўся і не ведаў, што расказаць пра сябе. Вось так пачалося  маё ззнаёмства з сям’ёй Прыстаўка…

Даволі часта даводзіцца чуць, што толькі са­праўдныя мужчыны працуюць выратавальнікамі. яны гатовы ў любы момант выцягнуць чалавека з вады ці вогнішча. Яны смелыя, дужыя і адважныя.  Але, гледзячы на героя майго аповяду, скажу інакш: мужчынскія якасці праяўляюцца ў сям’і. Мужчына павінен быць моцным плячом для жонкі, добрым мужам і цудоўным бацькам, гаспадаром у хаце. Наш герой — менавіта такі чалавек.

 Многія хлопцы ў дзяцінстве мараць стаць лётчыкамі, выратавальнікамі, касманаўтамі, міліцыянерамі. А калі становяцца дарослымі, часцей за ўсё забываюцца на свае дзіцячыя планы. Уладзімір адмаўляцца ад службы ў МНС ніколі не збіраўся.

 Дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Янова. Тут ён вырас, скончыў школу. Пазней атрымаў спецыяльнасць ва­дзіцеля ў Гарадоцкім ліцэі. Нейкі час працаваў у мясцовай гаспадарцы, а потым Уладзіміра прызвалі ў армію. Служыць давялося ў Ві­цебску ў паветрана-дэсантнай брыгадзе. 

 Калі пасля службы хлопец вярнуўся на радзіму, адразу пайшоў уладкоўвацца на працу ў раённы аддзел па надзвычайных ситуацыях вадзіцелем. Медыцынскую камісію прайшоў без цяжкасцей і хутка прыступіў да працы. Калектыў пажарна-выратавальнага паста сенненскага РАНС аграгарадка Янова стаў пастаянным месцам работы маладога выратавальніка.

  На пытанне: «Як працуецца?», Уладзімір адказвае сціпла. Не прынята ў іх скардзіцца. Работа ёсць работа, тым больш што яна звязана не з самымі прыемнымі момантамі чалавечага жыцця. У агні гінуць людзі, іх маёмасць. Бачыць людскія слёзы, боль — не проста. Але ж свае непасрэдныя абавязкі трэба выконваць як мае быць.  Ды і за тыя восем год, якія ён служыць у МНС, прыходзілася бачыць многае.

 Дома Уладзіміра чакаюць жонка і дачка. Маладая сям’я жыве адной марай — дабудаваць дом. «Застаецца зрабіць унутраныя работы. Хочацца да зімы згуляць наваселле. Пакуль гэта самая галоўная наша мэта», — гаворыць гаспадар. 

 Пакуль ім даводзіцца здымаць кватэру. А чужыя вуглы, як вядома, ніколі не стануць роднымі. Дзякуй Богу, што ўзвядзенне ўласнага жылля ідзе хут­кімі тэмпамі.

  Мінулым летам маладая сям’я атрымала льготны крэтыт на будаўніцтва. Адбылося гэта 30 ліпеня, акурат праз пяць год пасля вяселля. Менавіта ў гэты дзень Уладзімір і Алена абмяняліся пярсцёнкамі. А праз некаторы час  заклалі першы камень у падмурак уласнага дома. 

 Цяпер усе сілы, думкі накіраваны на тое, каб давесці пачатую справу да канца. Асноўны цяжар кладзецца на плечы Ула­дзіміра, бо жонка ў будаўніцтве — не вялікі памочнік, але маральна вельмі падтрымлівае му­жа.

 Нядаўна яна выйшла з дэкрэтнага адпачынку і  працуе бухгалтарам у КУПБА «Прэстыж».

 Вось так жыве гэта невялічкая сям’я з Багушэўска. Жыве днём сённяшн­ім, каб упэўнена рушыць наперад.

Кацярына КАРПОВІЧ.

На здымку: сям’я Прыстаўка ля свайго дома.