Машканская школьніца перадала у музей узнагароды свайго прадзеда – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.

Музей баявой і працоўнай славы ў Машканскай школе створаны даўно. У ім захоўваецца шмат цікавых, нават, эксклюзіўных экспанатаў. Каб пазнаёміцца з імі, сюды наведваюцца не толькі дзеці, машканцы.  Наведвальнікамі музея былі госці з Сянно, Віцебска і Мінска, іншых куткоў Беларусі і замежжа.

 Экспазіцыя музея пастаянна абнаўляецца і папаўняецца новымі экспанатамі. Апошняе паступленне ў музей адбылося напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі. Вольга Уладзіміраўна Лісоўская (Шалуха) са сваёй дачкой Валянцінай Анатольеўнай Калеснікавай перадалі ў музей дакументы (ваенны білет, пасведчанне ветэрана вайны і працы), баявыя ўзнагароды бацькі і дзядулі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра  Іванавіча Шалухі. Ураджэнец Машканоў прайшоў з баямі праз усю Беларусь да Берліна. А скончыўся яго ваенны шлях на Далёкім Усходзе, у баях з японскімі мілітарыстамі. Пасля вайны ўсё жыццё Уладзімір Іванавіч шчыра працаваў у сельскай гаспадарцы.

 Цікава, што перадаць сямейныя рэліквіі ў музей дарослых падштурхнула Валерыя Калеснікава, праўнучка ветэрана вайны, якога нядаўна не стала. Дзяўчына доўгі час наведвала школьны гурток «Памяць», праводзіла экскурсіі па школьным музеі. Рашэнне аб перадачы дакументаў і ўзнагарод прымалася на сямейным савеце. Удзел у ім прымаў нават Максім, яшчэ адзін праўнук У.І. Шалухі. Хлопчык яшчэ школьнік. І, напэўна, таксама стане членам гуртка «Памяць».

 Ну а Валерыя сёлета пакінула школьныя сцены. Выпускніца Машканскай школы марыць атрымаць вышэйшую адукацыю, запатрабаваную спецыяльнасць. Яе бабуля Вольга Уладзіміраўна Лісоўская вельмі ганарыцца, што сёння ў Машканах жывуць і працуюць некалькі пакаленняў Шалух — Лісоўскіх — Калеснікавых і вельмі спадзяецца — маладыя прадстаўнікі роду, атрымаўшы адукацыю, таксама вярнуцца сюды.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ,

кіраўнік гуртка «Памяць» Машканскай СШ.

 НА ЗДЫМКАХ: тры пакаленні адной сям’і з узнагародамі і дакументамі бацькі, дзядулі і прадзеда; з членамі гуртка ў музеі.