Сенненскія вернікі здзейснілі падарожжа ў Цэнтр рускай духоўнасці

Найстарэйшы манастырска-храмавы комплекс Расіі, размешчаны на Калужскай зямлі непадалёк ад г.Казельск, — Оптына пустынь — па праве лічыцца духоўным цэнтрам праваслаўя, куды вось ужо некалькі стагоддзяў імкнуцца тысячы вернікаў з усяго свету. На днях святое месца наведалі і сенненскія паломнікі. У пілігрымцы, арганізаванай пры  храме свяціцеля Мікалая Цудатворца, удзельнічалі 47 чалавек. 

 Утворана Оптына пустынь у канцы ХІV — пачатку XV стагоддзя. Па паданнях, стваральнікам яе стаў разбойнік Опта, які прыняў пакаянне. Але да ХІХ стагоддзя гэта быў непрыкметны правінцыйны манастыр. Вядомасць і славу Оптыне прынеслі скіт (месца манаскага пустэльніцтва) і старчаства — від духоўнага настаўніцтва. Старац ведаў усім духоўным жыццём манастыра. Стаўпом оптынскага старчаства быў вялебны Амвросій (1812 — 1891), кананізаваны ў 1988 годзе. Менавіта гэты святы стаў прататыпам старца Засімы ў вядомым рамане Ф.М.Дастаеўскага «Браты Карамазавы». Ды і сам Фёдар Міхайлавіч нярэдка наведваўся за парадамі да оптынскіх манахаў. Дарэчы, як і М.В.Гогаль, Л.М.Талсты і інш. І па сённяшні дзень у скіце захаваліся дамкі, дзе жылі выбітныя класікі. За шматвяковае існаванне манастыра 14 старцаў былі далучаны да ліку святых.

 У 1923 годзе храмы манастыра былі афіцыйна зачынены, у самім манастыры ўсталявалі лесапілку, а скіт перарабілі пад Дом адпачынку. Насельнікі пустыні вымушаны былі хавацца ў бліжэйшых вёсках. Многія з іх пацярпелі ў сталінскіх лагерах і турмах. У 1988 годзе комплекс быў вернуты Рускай Праваслаўнай Царкве. Але і ў сваёй найноўшай гісторыі Оптына мае тых, хто пацярпеў за веру. У 1993 годзе трое насельнікаў манастыра былі забіты на Вялікдзень шалёным сатаністам.    

 Сёння Оптына — гэта 8 дзейсных храмаў: Увядзенскі, Казанскі, Уладзімірскі, Прэабражэнскі, у гонар вялебнага Іларыёна Вялікага, святога Іаана Хрысціцеля, іконы Божай Маці «Спарыцельніца хлябоў», вялебнай Марыі Егіпецкай, свяціцеля Ільва Катанскага і вялебнага Іаана Рыльскага, Усіх Святых, рухомы храм у гонар іконы Божай Маці «Маляўнічая крыніца», капліца на месцы пахавання (тых самых) забітых оптынскіх братоў: іераманаха Васілія, манахаў Трахіма і Ферапонта. Некаторыя храмы  знаходзяцца ў стане рэканструкцыі.

 Падчас візіту сенненцы наведалі Увядзенскі стаўрапагіальны мужчынскі манастыр, а таксама яго жаночы філіял — Казанскую Амвросіўскую жаночую пустынь ля вёскі Шамардзіно. Беларускія паломнікі змаглі пакланіцца мошчам святых старцаў, прычасціцца, спавядацца, акунуцца ў святыя крыніцы. Пры вяртанні на радзіму пранікнёным боскасцю Оптынай пустыні сенненскім вернікам засталося толькі прамовіць:  «Дзякуй Богу за ўсё!»

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 На здымку: сенненскія вернікі з благачынным Сенненскай акругі, айцом Мікалаем Валачковічам.

 P.S. Убачыць усе здымкі , а таксама інфармацыю пра паездку можна на сайце “Православие в Сенно” (гл. у раздзеле ссылак)