Сенненскія католікі звяршылі пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай
З Сянно ў Будслаў. Традыцыя наведваць святыя месцы, куды імкнуцца тысячы вернікаў з усіх куткоў Беларусі, з іншых краін — Літвы, Польшчы, Расіі, пашыраецца сярод сенненцаў. У пачатку ліпеня больш за 20 нашых землякоў наведаліся ў Будслаў, вёску, якая знаходзіцца ў Мядзельскім раёне, каб памаліцца абразу Маці Божай Будслаўскай. Праз два гады будзе адзначацца 400-годдзе, як абраз знаходзіцца ў мясцовым бернардзінскім касцёле. Ён з самага пачатку быў шанаваны вернікамі за цуды. Пра іх яшчэ ў ХVІІ стагоддзі была напісана кніга. Абраз працягвае здзіўляць і ў наш час. А таму вабіць людзей, умацоўвае веру.
Будслаўскі абраз Найсвяцейшай Панны Марыі для вернікаў рыма-каталіцкага веравызнання такая ж святыня, як для праваслаўных ікона Жыровіцкай Божай Маці.
З ГІСТОРЫІ БУДСЛАВА І АБРАЗА
Раней вёска мела назву Буда. Дзякуючы цудам абраза яна стала Будславам. Іншым быў і касцёл — невялікі, драўляны. З цягам часу ён перастаў умяшчаць вернікаў. Пачалося будаўніцтва новага, цаглянага. Пасля ўзвядзення і да нядаўняга часу касцёл заставаўся буйнейшым на Беларусі.
Касцёл і вёска стаяць на беразе ракі Сэрвач, па якой мясцовыя жыхары некалі ганялі плыты да Балтыйскага мора. Аднойчы адзін з плытагонаў трапіў пад бярвенне, яму моцна пашкодзіла нагу. Чалавек сыходзіў крывёю. Непрытомнага мужчыну прынеслі ў касцёл, паклалі перад абразам Маці Божай, сталі маліцца. І здарылася цуда. Кроў спынілася, рана на вачах стала зацягвацца.
Найсвяцейшая Панна Марыя нават вяртала да жыцця мёртвых. Мясцовая чатырохгадовая дзяўчынка ўпала ў сажалку і ўтапілася. Калі яе дасталі з вады, яна не дыхала і так раздулася, што давялося разразаць сарочку. Калі бацькі, моцна галосячы, з надзеяй прысвяцілі яе абразу Маці Божай, дзяўчынка тут жа вярнулася да жыцця.
Будслаў, хоць і вёска, даволі буйны населены пункт. За польскім часам ён меў статус горада, наўпрост быў звязаны з Варшавай — хадзіў цягнік Будслаў — Варшава. Пры Саветах касцёл не закрылі. А калі пачалася другая Сусветная вайна, мужчыны-будслаўчане ўдзельнічалі ў ёй у складзе польскіх войскаў, Чырвонай Арміі, пачынаючы з 1 верасня 1939 года. І ні адзін з іх не загінуў. Хіба гэта не цуд?
Абраз Маці Божай Будслаўскай адорвае ласкамі сваіх дзяцей і сёння. Хоць статыстыку будслаўскіх цудаў цяпер ніхто і не вядзе. Але, адкрываючы скрынку для ахвяраванняў, у ёй часта знаходзяць то залатыя пярсцёнкі, то іншыя каштоўнасці. Без якіх-небудзь подпісаў. Проста ў знак падзякі.
Згодна з інфармацыяй, змешчанай на сайце Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай сёлета ў Будславе толькі пешых пілігрымаў сабралася каля 2,5 тысячы чалавек. Людзі ішлі з Мінска, Баранавіч, Польшчы, мужчыны, жанчыны, старыя, малыя, юнакі, дзяўчаты. Многія ехалі на веласіпедах, матацыклах, аўтамабілях, аўтобусах. Сенненцаў, багушэўцаў у Будславе, па словах ксяндза Дзмітрыя, пробашча касцёла Святой Тройцы, сёлета было больш за 20 чалавек. Большасць прыехала на аўтобусе, нехта на ўласным аўто. Як, напрыклад, сям’я Подраз. Аксана — сталая жыхарка Сянно. Аднак сямейныя карані яе паходзяць з Будслава. Менавіта таму на фэст Подразы ездзяць кожны год. Як і большасць будслаўцаў, якія традыцыйна з’язджаюцца 1 ліпеня з усіх куткоў свету. Аўтару гэтых радкоў давялося пагутарыць з чалавекам, які даўно жыве ў Расіі, але рэгулярна наведваецца, каб памаліцца іконе Маці Божай Будслаўскай.
Упершыню ў гісторыі фэста была наладжана трансляцыя службы. Таму ў тых, хто не трапіў у Будслаў, была магчымасць далучыцца да падзей, паслухаць зварот да вернікаў мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, памаліцца разам з усімі абразу Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай.
ЖЫЦЦЁ ПА-ЗА ФЭСТАМ
Будслаў славіцца многімі сваімі знакамітымі ўраджэнцамі. У прыватнасці, гэта радзіма Паўліны Мядзёлка, актрысы першага беларускага Нацыянальнага тэатра, адной з першых выканаўцаў галоўнай ролі ў спектаклі паводле п’есы Янкі Купалы «Паўлінка». Кажуць, пясняр быў безадказна закаханы ў дзяўчыну. Спецыяльна пад яе напісаў п’есу, якая стала нацыянальнай класікай. У канцы свайго жыцця Паўліна Мядзёлка жыла ў Будславе, арганізавала самадзейны тэатр. Тут знайшла свой спачын. Яе магіла знаходзіцца на будслаўскіх могілках. Будслаўчане прыцягваюць не толькі сваім унутраным і знешнім хараством. У іх можна павучыцца арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Людзі, якія прыехалі ў Будслаў, мелі ўсё неабходнае для жыццядзейнасці. Тым не менш, сляды гэтай жыццядзейнасці былі незаўважнымі. Карэктна вялі сябе міліцыянеры, шчыра ўсміхаліся прадаўцы за прылаўкам. Унутрыная чысціня ўплывала на паводзіны усіх, хто прыйшоў да святыні.
Аляксандр ЛАЗЮК.
НА ЗДЫМКАХ: будслаўскі касцёл; сенненцы ў Будславе; будслаўчане і госці пасля фэсту; .