Какие проблемы волнуют сенненцев? Об этом знает «Дежурный репортёр»

Як паказала апытанне, што праводзілася на сайце www.senno.by, 70% яго рэспандэнтаў хоць раз ды сутыкаліся з аблічваннем у крамах. Да іх ліку можна аднесці і жыхарку Сянно Вольгу Мікалаеўну Маслоўскую. На днях жанчыну, па яе словах, аблічылі ў мясным аддзеле ўніверсама «Родны кут». Сума невялікая, але грошы лішнімі не бываюць. Падман быў своечасова заўважаны. Свае правы пакупніка спадарыня Маслоўская абараніла, цэннік ёй перабілі. Але ўмовы для далейшага аблічвання пакупнікоў засталіся. Электронныя вагі ў згаданым аддзеле размешчаны на аддаленні ад пакупнікоў. Каб убачыць вагу і кошт набываемага тавару, трэба моцна прыгледзіцца. Вось і даводзіцца наведвальнікам крамы, асабліва маючым слабы зрок, верыць прадаўцам на слова. «Няўжо нельга ўсталяваць вагі бліжэй да пакупнікоў?»— пытаецца Вольга Іванаўна.

 У адказ старшыня райспажыўтаварыства Ірына  Баранава паабяцала разабрацца з сітуацыяй і выправіць яе, калі патрэбна. У сваю чаргу, хочацца падтрымаць запыт нашай чытачкі. Упэўнена, з ёй згаджаецца большасць наведвальнікаў «Роднага кута». Можа кіраўніцтва магазіна, нарэшце, паклапоціцца пра зручнаць сваіх пакупнікоў?

 А вось спецыялі­сты раяць усё ж  мець з сабою кішэнны калькулятар. Не трэба саромецца яго трымаць у руках, падыходзячы да прылаўка. Наадварот, прадавец, бачачы такую пераправерку, наўрад ці рашыцца на падман.

МЕСЯЦ БЕЗ СУВЯЗІ

Цэлы месяц у Тамары Пятроўны Воранавай з вёскі Вялікі Азярэцк  Багданаўскага сельсавета не працуе тэлефон. Жанчына неаднаразова падавала заяўкі ў бюро рамонту тэлефоннай сеткі і радыёфікацыі. А вось рамонтнікаў так і не ўбачыла.

Патэлефанаваў ў бюро і дзяжурны па рубрыцы. Наяўнасць заявак ад абанента там пацвердзілі і запэўнілі, што на наступны дзень (размова адбылася 13 ліпеня) рамонтная брыгада накіруецца ў Вялікі Азярэцк.

ДАЕШ ІНТЭРНЭТ ВЯСКОЎЦАМ

  Жыхарка вёскі Пожанькі Багданаўскага сельсавета Таццяна Анатольеўна Курс хацела падключыць хуткасны інтэрнэт. Жанчыне патлумачылі, што зрабіць гэта немагчыма па прычыне адсутнасці неабходнага электроннага забеспячэння станцыі. Сям’я Курс магла б па-ранейшаму карыстацца сецівам, падключаным праз хатні тэлефон. Аднак  з красавіка інтернэт чамусці не працуе.

 Як патлумачыў начальнік раённага вузла электрасувязі Сяргей Леанідавіч Касьянаў, хуткаснага інтэрнэту ў Пожаньках у бліжэйшы  год не прадбачыцца. Што датычыцца такіх вось падключэнняў да хатняй тэлефоннай лініі — іх устанаўліваюць, а значыцца, і  адказваюць заіх самі абаненты. У дадзеным выпадку праблема, хутчэй за ўсё, у камп’ютары. Сяргей Леанідавіч параіў запрасіць спецыяліста. Пры гэтым зазначыў, што яго прадпрыемства падобныя падключэнні не абслугоўвае. І ўсё ж у бюро рамонту тэлефонных сетак і радыёфікацыі паабяцалі накіраваць свайго супрацоўніка да спадарыні Курс у Пожанькі.

ДЗЕ ЗНАЙСЦІ ТАННЫЯ ТАВАРЫ?

У многіх віцебскіх крамах можна ўбачыць прылаўкі з таварамі, што прадаюцца па зніжанным кошце. А ці ёсць нешта падобнае ў Сянно? Гэтае пытанне адрасаваў на рубрыку Мікалай Анатольевіч Русін.

 Па інфармацыі райспажыўтаварыства, пакуль зніжкі прадугледжаны выключна на каўбасныя вырабы мясцовай вытворчасці. Дзейні­чаць акцыя будзе ў фірменнай краме сенненскага хлебазавода «Каласок». Так, напрыклад, на вараную каўбасу гандлёвая нацэнка складзе 5% замест 17%,на вэнджаную, адпаведна, — 10% замест ранейшых 30%.

 У крамах «Кантынент», «Родны кут» і інш. можна ўбачыць прылаўкі з «Таварам дня». На іх выстаўляюцца прадукты, у якіх тэрмін рэалізацыі «пераваліў» за палову. Іх таксама можна набыць па зніжаным кошце.   

Па рубрыцы дзяжурыла Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 Сёння па тэлефоне 4-12-57 вас выслухае Міхаіл Васільевіч Бялоў.