Бардзюковы – пачынальнікі новай традыцыі

У Сенненскім дзіцячым прытулку рыхтаваліся да сустрэчы незвычайных гасцей. Малыя чакалі сапраўдных  жаніха і нявесту.

 Жыхары Сянно Максім Бардзюкоў і Марына Радзькова да адказнага дня ішлі пяць гадоў. А ў мінулыя выхадныя яны ўрачыста зарэгістравалі шлюб у сенненскім аддзеле ЗАГС. Пасля цырымоніі іх вясельны картэж накіраваўся напрасткі ў сацыяльны прытулак.

 Незвычайную ініцыятыву маладой пары — правесці ў дзень шлюбу дабрачынную акцыю — супрацоўнікі ЗАГСу ўспрынялі з ахвотай і па­спрыялі яе ажыццяўленню. Яны атрымалі  згоду  на візіт гасцей у кіраўніцтва прытулку. Тым часам Максім і Марына накупілі для дзетак салодкіх падарункаў, арганізавалі збор дзіцячай літаратуры, лялек, розных гульняў і інш. Усё сабранае, цяпер ужо сужэнцы Бардзюковы, ўручылі выхаванцам прытулку.

— Сёння мы святкуем  нараджэнне нашай маленькай сям’і. У гэты дзень хочацца падзяліцца радасцю асабліва з тымі, хто пакуль абдзелены сямейным шчасцем. Мы жадаем кожнаму з вас знайсці сваю сям’ю, з любячымі бацькамі, утульным бытам, — з такімі словамі жаніх і нявеста звярнуліся да малых.

 Выхавацелі і дзеці таксама не засталіся ўбаку. Маладой сям’і яны пажадалі шчасця і дабрабыту, не абышлося і без «Горка!».

 Арганізатары сустрэчы ўпэўнены: падобныя акцыі нясуць карысць не толькі дзеткам, але і маладым. Апошнія, убачыўшы дзіцячае гора, магчыма, больш адказна будуць ставіцца да ўласнай сям’і. А значыцца, паменшыцца сумная статыстыка разводаў і сацыяльнага сіроцтва. 

 Спадзяёмся, што жэст добрай волі Максіма і Марыны Бардзюковых перарасце ў новую вясельную традыцыю на Сенненшчыне.

Вольга Бандарэвіч.