Летні прызыў накіраваў у войска 20 сенненцаў

Першая партыя прызыўнікоў у колькасці 15 чалавек з Сянно ў Віцебск будзе накіравана 19 ліпеня. З абласнога зборнага пункта хлопцаў размяркуюць па ваенных часцях для праходжання службы ў войсках Міністэрства ўнутраных спраў і на памежных заставах.

 А напярэдадні ў раённым ваенным камісарыяце прайшоў дзень прызыўніка — хлопцам уручылі павесткі аб прызыве на ваенную службу.

 — Служба ў арміі была, ёсць і будзе не толькі абавязкам, але і гонарам, асаблівай адзнакай мужчынскай годнасці, — падкрэсліў, звяртаючыся да юнакоў, якія хутка прымераць ваенную форму Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ваенны камісар раёна, падпалкоўнік Сяргей Пінчук. — Вам абараняць незалежнасць беларускай дзяржавы, пакой родных, землякоў.

 А каб хлопцы не забыліся, хто яны, адкуль родам, якая зямля ўзгадавала, дала сілы, кнігі аб Сенненскім раёне прызыўнікам уручыў Аляксандр Абушкевіч, сакратар РК ГА «БРСМ». Малітву для абаронцаў беларускай зямлі прачытаў праваслаўны святар Дзмітрый Фёдараў, памочнік благачыннага Сенненскай акругі. Ён благаславіў прызыўнікоў на службу, а нехрышчоных (такія сярод будучых салдат знайшліся) заклікаў прыняць хрышчэнне.

 Усяго гэтым летам ваенную форму апрануць каля 20 жыхароў Сенненшчыны.

 Л.ІЎЕЎ.

НА ЗДЫМКУ: павесткі прызыўнікам уручае ваенны камісар раёна, падпалкоўнік Сяргей Пінчук; каб помнілі пра радзіму.