У Багушэўску ўпала воданапорная вежа
У мінулую суботу, па інфармацыі, атрыманай з Сенненскага РАНС, вечарам над Багушэўскам прашумеў ліўневы дождж, які суправаджаўся шквалістым ветрам. У выніку, недзе з 20 гадзін, жыхары гарадскога пасёлка перасталі атрымліваць пітную ваду — выйшаў са строю высокачастотны прыбор, што рэгуляваў падачу вады ў сістэму. На месца аварыі выехала брыгада РУП ЖКГ і да 24-00 водазабеспячэнне было адноўлена.
Аднак на гэтым праблемы ў мясцовых камунальнікаў не скончыліся. Пасля апоўначы ўпала воданапорная вежа, якая некалькі гадоў таму была выведзена з эксплуатацыі. Па заключэнні камісіі, якая туды выязджала раніцай, абрушэнне вежы адбылося ў выніку падмывання дажджавымі водамі фундаменту і абрыву расцяжкі.
На шчасце, вежа ўпала ў межах тэхналагічнай агароджы. Яшчэ больш пашчасціла, што абышлося без чалавечых ахвяр.
Праўда, мы не ведаем, колькі ў раёне яшчэ стаіць такіх вежаў, якія нясуць пагрозу людзям.