Я бы ў медыкі пайшоў!

Выбар будучай прафесіі даволі адказны і сур’ёзны крок. Вучыцца пяць год, каб пасля таго ні дня не працаваць у абранай сферы? Ці таго лепей, адразу пасля атрымання дыплома накіравацца ў Цэнтр занятасці, каб перакваліфікавацца. Згадзіцеся, такі шлях спадабаецца не кожнаму.

 Каб дапамагчы школьнікам з выбарам спецыяльнасці, у школах раёна на працягу года праходзілі мерапрыемствы па прафарыентацыі. На адно з такіх трапіў і карэспандэнт раённай газеты.

 Вучняў дзвюх багушэўскіх і яноўскай школ сабралі ў Багушэўскім Доме культуры. Сюды ж прыехалі прадстаўнікі навучальных устаноў: Аршанскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №110 будаўнікоў і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Яны прадэманстравалі школьнікам невялічкія фільмы, якія падрабязна расказалі пра студэнцкае жыццё і факультэты.

 На сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі раённых арганізацый і прадпрыемстваў: ДРБУ-146, Сяннобудмеліяводгаса, ПМК-64, энерганагляду, Беларусбанка, багушэўскай раённай бальніцы, бібліятэкі, РАНС, КУСГП імя Гараўца, СВК “Бяленева”. Яны запрасілі выпускнікоў вяртацца пасля вучобы да іх на працу, расказалі пра ўмовы работы і перспектывы кар’ернага росту. Пытанні пра заробак і жыллё былі не на апошнім месцы. У сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах будуюцца домікі для спецыялістаў. У многіх арганізацыях і прадпрыемствах ёсць інтэрнаты.

 Напярэдадні сустрэчы вучні выпускных класаў запоўнілі анкеты. Пытанні датычыліся выбару будучай прафесіі. Большасць школьнікаў пажадала звязаць сваё жыццё з медыцынай (20% апытаных), 16%  плануюць стаць архітэктарамі ці будаўнікамі. Адзінаццаць чалавек хочуць быць спецыялістамі ў сельскай гаспадарцы і дзесяць — у транспартнай сферы. Многія плануюць паступаць у педагагічныя вну і каледжы, а таксама мараць быць работнікамі лясной гаспадаркі. Менш за ўсё школьнікі жадаюць працаваць у сферах эканомікі (3 чалавекі), культуры (3), грамадскага харчавання (3), сувязі, інфармацыйных тэхналогій і праграмнага забеспячэння (2).

 Але ці супадаюць планы выпускнікоў з рэальнай карцінай на рынку працы?

 — У гэтым годзе для працаўладкавання раёну патрэбна каля 350 чалавек. З вышэйшай адукацыяй прыкладна 95, сярэдняй спецыяльнай — 75. Найбольшая запатрабаванасць у спецыялістах з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй — 163, — расказала спецыяліст аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Булаўская.

 Больш за ўсё раён зацікаўлены ў працаўніках сельскай гаспадаркі. Сучасная тэхніка ўкамплектавана камп’ютарамі. Таму сёння мала мець правы трактарыста-машыніста. Пажадана, каб у руках быў дыплом  прафесійна-тэхнічнай установы. Такая ж сітуацыя і з працаўнікамі жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм, аператарамі машыннага даення, слесарамі па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі… Спецыялістаў гэтай сферы ў наш раён патрэбна ад 30 да 60 чалавек штогод.

 Ёсць запатрабаванасць і ў аграномах, заатэхніках, урачах ветэрынарнай медыцыны, эканамістах, бухгалтарах. Пры гэтым вышэйшая адукацыя  не абавязковая. На працу вы зможаце ўладкавацца і з дыпломам сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы.

 Патрэбны на Сенненшчыне і спецыялісты лясной гаспадаркі: майстар лесу, ляснік, інжынер па лесакарыстанні, лесаруб…

 У апошні час вялікі попыт і на будаўнікоў. Толькі на наступны год у раёне чакаюць каля 15 спецыялістаў гэтай галіны. У іх ліку муляры, цесляры, тэхнікі-будаўнікі, тынкоўшчыкі.

 У гандлёвай сферы з задавальненнем прымуць на працу бухгалтараў, таваразнаўцаў, повараў, буфетчыкаў. Але больш за ўсё патрэбны прадаўцы.

 Вялікі попыт і на вадзіцеляў. Уладкавацца з правамі магчыма як у сельгаспрадпрыемствы, так і ў розныя арганізацыі.

 Вучыцца сёння можна і па мэтавым накіраванні. Але іх выдаюць толькі на тыя спецыяльнасці, якія запатрабаваныя ў раёне.

 — Мы можам накіраваць на вучобу як у вышэйшыя, так і сярэднія спецыяльныя навучальныя сельскагаспадарчыя ўстановы. Нам патрэбны ветэрынарныя ўрачы, аграномы, заатэхнікі, інжынеры-механікі і інжынеры-электрыкі. Калі ёсць жаданне набыць адну з гэтых прафесій, калі ласка, звяртайцеся да нас. Тым больш, што з гэтага года студэнтам, якія вучацца па мэтавых накіраваннях, будуць даплачвацца грошы. Прыкладна ў памеры адной стыпендыі, — расказала галоўны спецыяліст па кадрах райсельгасхарчу Ніна Аляксееўна Правілава. (За больш падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся па нумары 4-27-98.)

 Атрымаць мэтавае накіраванне можна і ў медыцынскія навучальныя ўстановы. На Сенненшчыне патрэбны педыятры, стаматолагі, спецыялісты лячэбнай, методыка-прафілактычнай і методыка-псіхалагічнай спраў, а таксама медыцынскія сёстры (тэл. 4-80-97).

 Не так важна, кім вы будзеце — добрым механізатарам ці настаўнікам, юрыстам ці жывёлаводам. Галоўнае, каб ваша праца прыносіла вам асалоду.

 “Як цудоўна, калі чалавек можа выбраць сабе прафесію не па неабходнасці, а раячыся з душэўнымі схільнасцямі”,— сказаў Алі Апшэроні. Перад вамі, дарагія выпускнікі, адкрытыя ўсе шляхі, галоўнае выбраць свой, адзіны. І не памыліцца.

Кацярына КАРПОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *