“БРСМ” дапамагае сенненскім падлеткам уладкавацца на працу

Усё больш сенненскіх падлеткаў на летніх канікулах аддае перавагу не пустому праседжванню ля экранаў тэлевізараў і манітораў камп’ютараў, а працоўным будням.

 Пра гэта сведчыць колькасць зваротаў па пытанні працаўладкавання, што паступіла сёлета ў раённы камітэт ГА «БРСМ». Толькі за тры чэрвеньскія тыдні пры садзейнічанні моладзевай арганізацыі працаўладкавана 72 чалавекі. Працуюць падлеткі памочнікамі прадаўцоў у райспажыўтаварыстве, рознарабочымі ў ПМК-64, у лесагадавальніку Багушэўскага лясгаса, на палетках мясцовых сялянскіх-фермерскіх гаспадарак.

 У РК ГА «БРСМ» выказалі гатоўнасць і далей дапамагаць працаўладкаванню вучняў, якія звернуцца да іх. Галоўная ўмова, каб апошнім на момант звароту было не менш за 14 год. З пачатку ліпеня жаданне падпрацаваць выказалі яшчэ дзве дзяўчыны.

Вольга Бандарэвіч