У Літусава прайшло купальскае шоў

У далёкай старажытнасці нашы продкі  лічылі Купалле адным з галоўных свят, бо праводзілася яно ў гонар сонца, у перыяд найвышэйшага росквіту жыватворных сіл зямлі, расліннасці, збажыны. Сучасны чалавек таксама не забывае гэты дзень. У вёсцы Літусава святкаванне Купалля арганізаваў А.Ф. Грабеннікаў — загадчык вясковага клуба. Ён разам з дзіцячым калектывам для жыхароў вескі прадставіў тэатралізаванае шоў. Каго толькі не ўбачылі на ім вяскоўцы: і хітрых чарцей, і злосных Бабак-Ёшак. Завітаў на свята нават Несцерка. Доўгачаканай госцяй стала Купалінка.

 Але галоўным на свяце было ўсё ж купальскае вогнішча, вакол якога моладзь вадзіла карагоды, скакала, варажыла на кінутых у полымя вянках. Вядучыя разам з Купалінкай праводзілі цікавыя конкурсы, заахвочвалі салодкімі прызамі. У завяршэнне святочнай праграмы адбылася дыскатэка. Арганізатары шоў пажадалі кожнаму знайсці сваю папараць-кветку. Ну а нам, будзем спадзявацца, гэта ўжо  атрымалася зрабіць.

Надзея Зуева,

студэнтка ВДУ  імя П.М. Машэрава.