Радзіму і надвор’е не выбіраюць.У Дзень Незалежнасці 3 ліпеня над Сенненшчынай грымелі навальніцы, ішоў дождж.

 Але ад гэтага патрыятычны настрой у людзей не зменшыўся, яны не сталі менш любіць сваю Радзіму.Святочныя мерапрыемствы  пачаліся з набажэнстваў, якія прайшлі ў праваслаўных і каталіцкім храмах Сянно і Багушэўска. Вернікі і святары маліліся за Беларусь.                                                                                        Свецкія ўлады і асноўная маса сенненцаў, госці горада тым часам сабраліся ў парку 40-годдзя Перамогі. Там ужо ў 9 гадзін гучала музыка, працавалі сюжэтныя пляцоўкі, ладзіліся выставы, ішоў гандаль. Народу ўсё прыбаўлялася. Ветэранаў сустракалі ля ўваходу ў парк, некаторых прывозілі на легкавых аўтамабілях. Не шмат засталося людзей, якія, па-сапраўднаму, ведаюць цану Перамогі, якія ўнеслі ў яе свой уласны ўклад.

 На мітынг у гонар галоўнага нацыянальнага свята запрасілі не толькі ўдзельнікаў вайны. Незалежнасць здабываецца, мацуецца працай людзей, вучобай моладзі, сацыяльнай актыўнасцю ўсіх грамадзян краіны. Таму невыпадкова, што ў гэты дзень ушаноўвалі і лепшых працаўнікоў раёна, кіраўнікоў перадавых прадпрыемстваў, вядучых устаноў сацыяльнай сферы. Прызыўнікі-сенненцы, якім ў прысутнасці вялікай колькасці землякоў былі ўрачаны павесткі аб прызыве на службу ў войска, запэўнілі, што будуць служыць не горш за бацькоў і дзедаў. Як служаць салдаты беларускай арміі, сенненцам прадэманстраваў каравульны ўзвод і салютная група вайсковай часці з Межыцы. Хлопцы ў падагнанай вайсковай форме паказалі сваю выпраўку і ўменне хадзіць строем, далі салют у гонар свята.

 У жыцці кожнага чалавека ёсць асаблівыя асабістыя даты. А калі яны супадаюць з датамі, пазначаным у дзяржаўным календары? Святкуючы Дзень незалежнасці, сенненцы ўспомнілі дзяцей, якія нарадзіліся ў розныя гады 3 ліпеня, сямейныя пары, што пабраліся сёлета напярэдадні дзяржаўнага свята, шмат гадоў таму. Ім мацаваць беларускую дзяржаўнасць, працягваць традыцыі старэйшых пакаленняў.

 Для сенненцаў, якія прыйшлі ў парк 40-годдзя Перамогі, быў наладжаны канцэрт мастацкай самадзейнасці з удзелам калектываў устаноў культуры, прадпрыемстваў, арганізацый раёна. Меркавалася, што тут жа на летняй пляцоўцы выступіць саліст Віцебскай абласной філармоніі Глеб Лапіцкі. Але ў святочную праграму свае карэктывы ўнесла надвор’е — пачаўся дождж, навальніца. Канцэртную праграму давялося працягваць у раённым Доме культуры. У РДК, а не на цэнтральнай плошчы райцэнтра, выступаў яшчэ адзін папулярны на Віцебшчыне калектыў філармоніі «Талака». Таму, на жаль, трапіць у глядзельную залу змаглі не ўсе. Што зробіш — надвор’е. Яно не бывае добрым ці дрэнным. Яно такое, якое ёсць. Як і Радзіма. Яе, бацькоў мы не выбіраем. Тым не менш, гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека. Ну а святочнаму феерверку не нашкодзіла нават надвор’е. Вясёлка салюта расквеціла неба над Сянно ў адпаведнасці з праграмай святочных мерапрыемстваў.

  НА ЗДЫМКАХ: Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на сенненскай зямлі.