10 ліпеня сенненскія падаткоўцы адзначаюць прафесійнае свята

Работнікі падатковых інспекцый Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь сваё прафесійнае свята сёлета адзначаюць у 21 раз.

 Гэта іх намаганнямі фарміруюцца рэспубліканскі, абласныя і раённыя бюджэты. Гэта яны, пераважна жанчыны, эфектыўна супрацьстаяць людзям, якія нелегальна займаюцца вы­творчасцю, аказаннем паслуг, гандлем. Гэта яны імкнуцца, каб грошы, у запланаваным аб’ёме, паступалі на фінансаванне медыцыны і адукацыі, усёй сацыяльнай сферы.

 За першае паўгоддзе 2011 года ў кансалідаваны бюджэт краіны з Сенненскага раёна ад 12 800 плацельшчыкаў, 12 294 з якіх з’яўляюцца фізічнымі асобамі, 312 — юрыдычнымі, 193 — індывідуальнымі прадпрымальнікамі, паступіла 12 297,4 млн рублёў, што больш чым за адпаведны перыяд 2010 года на 1982,5 млн рублёў. У агульнай суме на долю юрыдычных асоб прыходзіцца 90,9% паступленняў, ІП — 2,4, фізічных асоб — 6,7%.

 Сёння ў калектыве інспекцыі  Міністэрства па падатках і зборах па Сенненскім раёне працуе 23 чалавекі. Мужчын сярод іх — 6. У той жа час іх колькасць вырасла, што сведчыць аб прыцягальнасці і прэстыжы работы ў падатковай сферы. Па вопыту работы, узросту — гэта збалансаваны калектыў аднадумцаў: 6 чалавек — да 30 гадоў, столькі ж — ад 31 да 40, ад 40 да 50 — 5, старэй 50 — 4. Аб прафесійным узроўні сенненскіх падаткоўцаў сведчаць узнагароды, якія яны звычайна атрымліваюць да прафесійнага свята. Сёлета адзначана праца Надзеі Мялешка, старшага падатковага інспектара аддзела падаткаабкладання фізічных асоб, якая ўзнагароджана Ганаровай граматай МПЗ Рэспублікі Беларусь як пераможца рэспубліканскага конкурсу «Лепшы работнік падатковых органаў» па выніках 2010 года. Яе непасрэдны кіраўнік, начальнік аддзела падаткаабкладання фізіч­ных асоб Наталля Міхалёнак, заахвочана Ганаровай граматай інспекцыі па Віцебскай вобласці мініс­тэрства; Святлана Платонава, галоўны дзяржаўны інспектар аддзела кантролю за юрыдычнымі асобамі, атрымала Удзячнасць начальніка інспекцыі па Віцебскай вобласці — за асабісты ўклад у агульную справу па зборы падаткаў і плацяжоў. Не засталася без узнагароды і Галіна Міхалёнак, начальнік ін­спекцыі МПЗ РБ па Сенненскім раёне. Галіна Пят­роўна адзначана граматай абласнога Савета дэпутатаў «за шматгадовую актыўную работу ў падатковых органах, значны асабісты ўклад у забеспячэнне своечасовага і поўнага паступлення плацяжоў у бюджэт».

Л.Іўеў.

На здымку: група ўзна­гароджаных работнікаў інспекцыі МПЗ РБ па Сенненскім раёне