«Славянка» гуляе на “Cенненскім падворку”

Адзначыць сёлетні, юбілейны, фестываль сенненцы прапануюць у самых лепшых народных традыцыях і запрашаюць жыхароў і гасцей святочнага Віцебска на «Сенненскі падворак«, што стаў часткай агульнаабласнога праекта  «Віцебшчына хлебасольная«.

 Пляцоўка Сенненскага раёна на гэты раз прапісалася па вуліцы Калініна. На працягу «базарнага» тыдня (з 8 па 14 ліпеня) на ёй будуць ладзіцца разнастайныя канцэрты, выставы, забаўляльныя і конкурсныя праграмы, 

 На сцэне выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры, Багушэўскага, Белаліпскага, Ходцаўскага, Нямойтаўскага, Какоўчынскага, Канстантоўскага Дамоў культуры; Багданаўскага, Полыменскага, Обальскага сельскіх клубаў; Сенненскай, Багушэўскай, Машканскай Ходцаўскай школ мастацтваў, раённага аддзела адукацыі, народныя ансамблі «Вечарынка» і «Вясёлыя музыкі», раённы хор ветэранаў, тэатр лялькі «Пятрушка» і інш. Усяго на падворку будуць працаваць больш за 260 чалавек.   

 Сенненскі Дом рамёстваў у выставе-кірмашы «Горад майстроў» пастаянны «насельнік». Сёлета палатка з сенненскімі сувенірамі таксама размесціцца ў гандлёвых радах на маляўнічай набярэжнай Заходняй Дзвіны (ля Кіраўскага маста). Шырока прадстаўлены нашы ўмельцы і ў розных творчых імпрэзах. Так, 9 гістарычных строяў (сялянскіх, шляхецкіх) —  справа рук майстрых Іны Стычынскай, Вольгі Квашко і Тамары Кучынскай — стануць экспанатамі абласной выставы работ па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў цэнтры народных рамёстваў «Дзвіна». Там жа 9-10 ліпеня пройдзе абласны конкурс па лазапляценні «Лазовы прут». Сенненшчыну на ім прадстаўляе член клуба народных майстроў «Натхненне» Рыгор Пінчук. З’явілася жаданне  змайстраваць што-небудзь  адмысловае ўласнымі рукамі? Калі ласка, на Калініна! На «Сенненскім падворку»  правядуць майстар-класы па ўсіх відах народнай творчасці. Тут вам дапамогуць засвоіць  і ткацкі станок, і ганчарны круг.

 Свае вырабы прадставяць таксама цэнтр пазашкольнай работы, аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў.

 Набыць на «падворку» можна будзе ад самых простых сувеніраў да норкавай шубы. Шыкоўнае футра ўласнай вытворчасці выставіць сялянская фермерская гаспадарка «Барысёнак А.К.»

 Да «відовішчаў» хопіць і «хлеба». Прынамсі, пакаштаваць апошні можна будзе на выставе хлебабулачных вырабаў. Увогуле, сенненцы абяцаюць  галодным нікога не пакінуць. Райспажыўтаварыства арганізуе гандаль і працу пунктаў грамадскага харчавання. Частаваць плануюць стравамі нацыянальнай кухні.

 Яшчэ адна «фішка» сенненскай пляцоўкі — пчалярства. Увесь працэс вытворчасці мёду —  як гэта робіцца сёння і як гэта рабілі нашыя продкі — госці змогуць убачыць на свае вочы. Побач з сучаснымі вуллямі, вытворчасці Сенненскай школы-інтэрната, размесцяцца старажытныя.

Вольга Бандарэвіч.

На здымку: вось такіх забаўных чалавечкаў робяць у Доме рамёстваў