Індывідуальных прадпрымальнікаў на Сенненшчыне становіцца ўсё больш

 У апошнія гады малое прадпрымальніцтва  займае ўсё  больш устойлівае месца ў эканоміцы рэспублікі, садзейнічае фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці тавараў, развіццю сферы паслуг, стварэнню новых рабочых месцаў.

А  як  характарызуецца развіццё малога прадпрымальніцтва ў раёне?  Гэта пытанне карэспандэнт «Голасу Сенненшчыны» задаў намесніку старшыні райвыканкама Г.Г.Якаўлевай.

 — На пачатак сёлетняга года ў раёне працуюць 89 мікраарганізацый, 213 індывідуальных прадпрымальні­каў: у сферы гандлю — 93 чалавекі, бытавых паслуг — 22, налічваецца 17 малых  прадпрыемстваў.

 Колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў і прыватных прадпрыемстваў за пяцігодку  ўзрасла на 43,5 %.  Імі створана 69 новых рабочых месцаў. Летась у мясцовы бюджэт ад прадпрымальнікаў паступіла звыш 1 млрд рублёў падаткаў і збораў.

 У структуры тавараабароту 73 %  прыпадае на гандлёвыя арганізацыі, удзельная вага малых прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў складае 27 %.

 Гэтая статыстыка з’яўляецца рэзультатам  прымаемых мер па паляпшэнні прадпрымальніцкага клімату ў раёне, лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці.

 — Якія асноўныя задачы перад малым прадпрымальніцтвам стаяць сёлета, Ганна Гаўрылаўна?

 — Адной з асноўных задач на 2011-2012 гады з’яўляецца захаванне ўзроўню занятасці і стварэнне новых рабочых месцаў  у сферы прадпрымальніцтва.

 Для гэтага, неабходна забяспечыць фінансавую і інфармацыйную падтрымку з боку органаў дзяржаўнага кіравання. Трэба працягваць работу па далейшым удасканаленні заканадаўства, лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці.

 Стрымліваючымі фактарамі ў развіцці малога прадпрымальніцтва, стварэнні новых прадпрыемстваў у перыяд эканамічнага крызісу з’яўляюцца: зніжэнне сукупнага спажывецкага попыту  на тавары і паслугі; высокі памер арэнднай платы за збудаванні і памяшканні, што знаходзя­цца ў камунальнай уласнасці; значныя фінансавыя затраты суб’ектаў малога прадпрымальніцтва пры падключэнні аб’ектаў да інфраструктуры.

 —  Дзе выйсце?

 —  Аналіз фактараў, якія ўплываюць на развіццё малога прадпрымальніцтва, а таксама вопыт рэалізацыі папярэдніх праграм дзяржаўнай яго падтрымкі ў раёне сведчаць, што існуючыя праблемы можна рашаць аб’яднанымі намаганнямі і ўзгодненымі дзеяннямі саміх суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, іх грамадскіх аб’яднанняў, структур яго падтрымкі, органаў дзяржаўнага кіравання.

 —  Нядаўна сесія раённага Савета дэпутатаў зацвердзіла Праграму дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва ў раёне на 2011-2012 гады. Калі ласка, Ганна Гаўрылаўна, спыніцеся на некаторых асноўных момантах гэтага дакумента.

 — Мэта Праграмы ранейшая —  забеспячэнне спрыяльных умоў для развіцця малога прадпрымальніцтва на аснове павышэння якасці і эфектыўнасці дзяржаўнай падтрымкі, шырокае выкарыстанне патэнцыялу прадпрымальніцкіх суб’ектаў у сферы вытворчасці і аказання паслуг, развіццё прадпрымальніцтва ў горадзе і сельскай мясцовасці, актывізацыя інвестыцыйнай, інавацыйнай і экспартнай іх дзейнасці.

 Для гэтага трэба і надалей удасканальваць заканадаўства, якое рэгулюе пытанні ажыццяўлення дзейнасці малога прадпрымальніцтва. Пашыраць доступ прадпрымальных людзей да фінансавых рэсурсаў. Развіваць вытворчую кааперацыю суб’ектаў прад­прымальніцтва з буйнымі арганізацыямі, удасканальваць сістэму падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў і інш.

  Ужо сёлета мяркуемы тэмп росту выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, атрыманай суб’ектамі малога прадпрымальніцтва, павінен скласці 133 %, у 2012 годзе — 135%. Тэмп росту колькасці занятых у малым прадпрымальніцтве, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, у наступным годзе вырасце да 115 %.

 — Якое будзе рэсурснае забеспячэнне Праграмы?

 —  Асноўнымі крыніцамі фінансавання будуць з’яўляцца сродкі  дзяржаўнага фонду садзейнічання занятасці, што выдзяляюцца на рэалізацыю мерапрыемстваў па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна ў частцы фінансавання працэсу стварэння рабочых месцаў на малых прадпрыемствах і садзейнічання працаўладкаванню беспрацоўных шляхам выдзялення грашовых сродкаў на арганізацыю імі прадпрымальніцкай дзейнасці.

 З намеснікам старшыні райвыканкама Ганнай Якаўлевай гутарыў Міхаіл Бялоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *