Сенненскія медыкі прызнаны лепшымі турыстамі

Па традыцыі кожны год працоўная моладзь Сенненшчыны адпраўляецца на турзлёт. На гэты раз месцам дыслакацыі турыстаў стаў багданаўскі бор.

 Правесці тры дні на свежым паветры, пажыць у палатках, прыняць удзел у спаборніцтвах, віктарынах, конкурсах вырашылі 8 каманд: ЦРБ, ПМК-64, УП «Будмеліяводгас», РУП «Дружбінец», ільнозавода, райспажыўтаварыства, аховы і аддзела адукацыі райвыканкама.

 З раніцы  хлопцы і дзяўчаты ставілі палаткі, наводзілі парадак у сваім гарадку.  А вечарам адбылося ўрачыстае адкрыццё турзлёту, на якое завіталі старшыня райвыканкама Віктар Цапота, яго намеснік Зоя Фаміна,  начальнікі аддзелаў райвыканкама. Пасля чаго распачаўся першы этап спаборніцтва. Каманды паказалі сябе ў спартыўным арыентаванні.

 На другі дзень яны прайшлі турыстычную паласу перашкод, памераліся сіламі ў трыятлоне, валейболе. Не абышлося і без творчых нумароў. Кожная каманда прывезла з сабой паходную газету, дзе адлюстравала сваё бачанне адпачынку. Прыемна парадаваў конкурс мастацкай самадзе­йнасці, падчас якога гучалі песні і жарты. Да таго ж маладыя людзі  прынялі ўдзел у віктарыне, якая высветліла, наколькі добра яны ведаюць гісторыю роднага краю.

 Акрамя гэтага было вырашана ацаніць побыт турыстаў. Улічвалася, наколькі добра ўпарадкаваны палатачны лагер, пры якіх умовах захоўваліся прадукты, ці ёсць яма для адходаў і шмат чаго іншага. Але на першым месцы была дысцыпліна.  Журы пільна сачыла за выступленнем каманд і выстаўляла адзнакі.

 Па выніках усіх конкурсаў першае месца заняла каманда ЦРБ. Хлопцы і дзяўчаты з медыцынскай установы добра выступілі на ўсіх этапах спаборніцта, што і прынесла ім перамогу.  На другім апынулася каманда аддзела адукацыі райвыканкама, якая набрала крыху менш балаў. Нядрэнна таксама паказалі сябе хлопцы і дзяўчаты, што працуюць на льнозаводзе. Яны занялі трэцяе агульнакаманднае месца.

 Арганізатарамі турзлёту традыцыйна выступілі аддзелы Сенненскага райвыканкама: фізкультуры, спорту і турызму, па справах моладзі, а таксама  ГА РК «БРСМ».

Кацярына КАРПОВІЧ.

 На здымку: каманда рыхтуецца да чарговага конкурсу

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *