Што хвалюе жыхароў Беліцкага сельсавета, кіраўніцтва Сенненскага раёна даведалася падчас выязнога прыёму.

Аб тым, што на тэрыторыі  Беліцкага сельсавета адбудзецца выяз­ны прыём грамадзян старшынёй раённага выканаўчага камі­тэта, яго намеснікамі, старшынёй раённага Савета дэпутатаў, начальнікамі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікамі, начальнікамі і  дырэктарамі адпаведных раённых службаў, арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, жыхары ўсіх 29 вёсак сельсавета, праз сродкі масавай інфармацыі і іншымі спосабамі былі загадзя папярэджаны. Таксама былі аб’яўлены месцы збору людзей.

 У дакладна вызначаны час на сустрэчу  з грамадзянамі сельсавета прыехалі вышэйпералічаныя раённыя адказныя асобы і чыноўнікі. Трэба адзначыць, што час вельмі напружаны — сенакос, таму на прыём з’явіліся тыя, у каго ўзніклі некаторыя невырашальныя, з іх пункту гледжання, уладай пярвічнага ўзроўню праблемы, а таксама тыя, хто не быў задзейнічаны на сенажаці. Пенсіянеры — вось асноўны кантынгент, які пажадаў  мець размову з прадстаўнікамі раёна.

 Напрыклад, старшыня райвыканкама Віктар Уладзіміравіч Цапота вёў прыём грамадзян на цэнтральнай сядзібе КУСГП «Полымя» ў аднайменнай вёсцы. Асноўная праблема, з якой да яго звярнуліся Аляксей Алегавіч Палубінскі, энергетык мясцовага сельгаспрадпрыемства  і Валянціна Васільеўна Лавіцкая, бухгалтар КУСГП, — рамонт 16-кватэрнага дома, у якім  сем жылых кватэр. Сёння любы рамонт патрабуе немалых грашовых сродкаў. Таму кіраўнік раёна прапанаваў дырэктару КУСГП «Полымя» А.І. Уцянёву і дырэктару РУП «Жылкамунгас» М.М.Жукоўскаму прадумаць магчымыя варыянты рашэння праблемы.

 Старшыня раённага Савета дэпутатаў меў сустрэчу з жыхарамі вёсак Маргойцы і Манголія. Тут адзіная праблема, што хвалюе сёння вяскоўцаў, — добраўпарадкаванне мясцовых могілак: пашырэнне іх межаў, выпілоўванне аварыйных дрэў, уборка і вываз смецця. Таксама дадзены даручэнні старшыні сельскага выканаўчага камітэта М.І.Данілаву па арганізацыі адпаведных работ.

 Якія ж яшчэ пытанні хвалююць жыхароў сельсавета? Напрыклад, Пятра Васільевіча Халецкага, пенсіянера вёскі Новая Беліца, не задавальняе гандаль: недастаткова ў продажы малочнай прадукцыі (кефіру), дрэнная якасць фруктаў, не рэгулярны прыём шклотары, у тым ліку той, у якую разліваецца прадукцыя  вытворчасці мінскага «Крышталю». На работу аўтамагазіна скардзіўся пенсіянер Анатоль Ягоравіч Сарокін: прывозяць пратэрмінаваныя прадукты, чэрствы хлеб, малы асартымент тавараў, адсутнасць цэннікаў.

 Што тычыцца цэннікаў, то з гэтай праблемай  можна сутыкнуцца нават у Сянно.   Прадаўцы сцвярджаюць, што  ў сувязі з апошнімі скачкамі цэн не паспяваюць мяняць цэннікі. А як растлумачыць той факт, які выклікае ў пакупнікоў не толькі здзіўленне, а нават абурэнне, калі на адной і той жа паліцы, на аднолькавых па ўсіх параметрах пакетах «Ролтану»  стаяць розныя цэннікі? Гандаль няякаснымі таварамі пацвердзіла і Марыя Канстанцінаўна Зарубіцкая — пенсіянерка з вёскі Асінаўка-1, пенсіянер з в.Каралі Маргалоўскі.

 Антаніна Васільеўна Кашпар, пенсіянерка (в.Станюкі), узняла пытанне абуладкавання парэнчаў для ўваходу ў магазін, засяродзіла ўвагу на адсутнасці ў гандлёвай краме халадзільніка.

 А вось наступныя звароты сапраўды пацвярджаюць, што не хлебам адзіным жыве чалавек. Тая ж самая Антаніна Васільеўна і грамадзянка Старой Беліцы (прозвішча не паспеў запісаць, але ёсць тэлефон — 3-30-44) прасілі арганізаваць святы вёсак.

 Былі пытанні па забеспячэнні дровамі, пітной вадой (калонкі не працуюць),  выпілоўванні аварыйных дрэў, адлову бадзяжных сабак, вывазу смецця, падсыпцы і грэйдзіраванні дарог, абкосу дзікарослага травастою, па змяненні рэжыму работы ўрача вёскі Полымя,  выезду «хуткай дапамогі»  (адсутнасць бензіну) з Беліцы ў Глебаўск (Валянціна Антонаўна Цімашэнка) і многія іншыя. Усяго больш за 30 просьбаў, пажаданняў, скаргаў паступіла да кіраўнікоў раённага звяна. Усе яны зафіксаваны работнікамі сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама ў пратаколе даручэнняў, дадзеных пры правядзенні выязнога прыёму. Дакумент зацверджаны старшынёй райвыканкама. Цяпер  ёсць падстава  спадзявацца, што пасадавыя і адказныя асобы праявяць высокую свядомасць у выкананні дадзеных даручэнняў і зробяць жыццё вяскоўцаў больш камфортным.